Старонка:Svejk.5.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З пуні выцягнулі ручныя жорны, паставілі іх на двары і па чарзе круцілі. Цьвяршына, выхваляючыся сваёй сілай, цягаў мяшкі, а іншыя іх насыпалі, прычым на Швэйку яшчэ ляжаў абавязак адганяць заўсёды галодных сьвіньней, якія кожную хвіліну мелі намер залезьці на кучу зерня і сажраць яго.

Паводзіны гэтых сьвіньней былі для Швэйка поўнай загадкаю. Раніцою, як аўстрыйцы вылазілі з свае пуні, сьвіньні стаялі ўжо перад дзьвярыма, чакаючы, калі палонныя пойдуць на задворак.

З прычыны таго, што ў гэтых месцах пра клёзэты ня ведалі, а тыя сяляне, якім даводзілася бачыць іх у іншых месцах, лічылі іх за непатрэбную раскошу і бадай за спакусу д’ябальскую, дык абавязкі асэнізацыйнага абозу выконвалі сьвіньні, якія акуратна зьяўляліся, каб выконваць свае абавязкі.

Адагнаць іх было зусім немагчыма. Калі Швэйк паспрабаваў штурхнуць нагой старую, вялізную сьвіньню, якая занадта ўжо нахабна лезла да яго, казычучы яго сваім вільготным, халодным лычам, яна прасунула галаву паміж яго ног і, узьняўшы ўгару, ёмка перакуліла яго носам у гразь.

Гэтага Швэйк ня мог ёй дараваць. Убачыўшы, як на ёй, калі яна пісьвілася ў стэпу, шпацыравалі галкі, вароны і шпакі, і нешта вылузвалі з яе шчэці, ён пачаў запэўняць, што ў сьвіньню ўвайшла нячыстая сіла і прапанаваў таварышам бойкотаваць яе ў часе ранічнага сэансу.

— Мы павінны зрабіць вакол гэтай сьвіньні блёкаду, як Англія вакол Нямеччыны, — угаварваў ён. — Хай гэта агіднае стварэньне здохне з голаду, хоць-бы мне і самому давялося нічога ня есьці.

І вось гэтая самая сьвіньня разадрала аднойчы мех, які Швэйк забыўся каля млыну, а калі ён пабег за ёй з кіем, дык яна кінулася ў бок проста пад ногі Цьвяршыне, які нёс на сьпіне цяжкі мех з збожжам.

Цьвяршына вохнуўся разам з мехам проста на сьвіньню. Тая з усёй сілы завішчэла і кумільгам пакацілася прэч, а небараку Цьвяршыну мусілі падымаць. Валячыся, ён пачуў, як у ім нешта хруснула, і вось цяпер ён ня здолеў сам устаць на ногі.

Яго перанесьлі ў пуню і паклалі на сене. Трахім Іванавіч прынёс абраз маткі боскай і тройчы абыйшоў з ёй вакол няшчаснага, чытаючы малітву, а потым усе зноў узяліся за працу, нібы