Старонка:Svejk.5.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

7

НАРОДНАЯ МЭДЫЦЫНА

З панядзелка задажджылася і Трахім Іванавіч павёў сваіх работнікаў у аўторак раніцою ў абору, дзе ўзімку стаяла яго жывёла. Ён прынёс ім рыдлёўкі, адкалупаў ад плеценай з лазы сьцяны крыху гліны і адламіў ад спрэсаванага гною кавалак падобны да цэглы.

— Ну, хлопцы, бярэцеся за працу. Накладайце гэта Наталцы ў калёсы, а яна будзе вазіць іх за хату. Там вы складзеце іх у кучы.

— Што-ж, ты хочаш будаваць новую хату? — запытаў яго Марэк. — Ці яшчэ на што?

Трахім Іванавіч растлумачыў, што з гэтага матэрыялу нельга будаваць хаты. Заўважыўшы, што яго ніхто не разумее, ён павёў Марэка ў пакой і паказаў на печ.

— Вось яно куды ідзе. Гэта — наш антрацыт.

Такім чынам вырашалася загадка тае цэглы, якую палонныя бачылі ўсюды, як праяжджалі па Расіі. Яе ўжывалі замест дроў, вугалю ці торпу, як апал.

Гэта вынаходка так узрадавала Шэйка, што ён адламваючы вялізныя кавалкі і накладаючы іх на воз, абвясьціў:

Вось гэтымі рукамі я раблю каменны вугаль. Раней на гэта патрэбны былі землятрасеньні і іншыя катастрофы, а цяпер досыць некалькіх аўстрыйцаў, Трахіма Іванавіча і сухога кароўяга гною.

За два дні яны прыбралі ўсю пуню, і гаспадар быў вельмі задаволены іхнай працай. Дождж, нарэшце, суняўся, але надвор’е было халоднае, дзьмуў сьвежы вецер і Трахім Іванавіч надумаў малоць пшаніцу.