Старонка:Svejk.5.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён так і зрабіў. Калі ён вярнуўся, на стале чадзіла маленькая, закураная лямпачка, а Дуня зноў хрысьцілася перад абразамі.

— Госпадзі памілуй, госпадзі памілуй, госпадзі памілуй!..

— Ах, Дуня, навошта паліць агонь, — запытаў ён, прыціскаючы яе да сябе. — Я патушу.

— Не, не, ня тушы! — Дуня кінулася да лямпачкі. — Я ня хочу. Бог бачыць і ў цемры, а я ня хочу, каб матка боская пра такое ведала.

Марэк пляснуў рукамі.

— Ты-ж сама ня ведаеш, чаго ты хочаш…

Дуня падыйшла да яго зусім блізка і прасіпела яму ў твар:

— Ну, праўда-ж ты дурань, набіты дурань! Кожны пацан у нас ведае, што яму трэба рабіць, а ты ня ведаеш… А яшчэ салдат!.. Ну, глядзі, дурань, глядзі!

І, плачучы з прыкрасьці, яна ўскочыла на лаву, са злосьцю перавярнула хрыста і матку боскую тварам да сьцяны, ударыла кулаком па абразох так, што аж пыл закурыўся ад іх і пасыпалася павуціньне, кінулася з лавы Марэку на шыю і ўрачыста сказала:

— Вось бачыў, дурань! Цяпер яны глядзяць праз сьцяну на вуліцу, а мы можам рабіць пад імі ўсё, што хочам!

І, валячыся на падушку, яна пацягнула Марэка за сабой і прашаптала, сьціскаючы яго і захліпаючыся:

— Мой любы, дарагі, залаты аўстрыёначак!.. Мой няшчасьненькі палонны!..


*

Ужо быў досьвітак, але ў вачох Марэка стаяла прыемная цемра, калі ён прабіраўся па двары, каб выспацца на сваім сене. Хутка прыехалі Швэйк і Цьвяршына ляглі ля яго.

Яны праспалі ўсю раніцу, пакуль ня прышла Дуня і не паклікала іх абедаць. Яна са спагадаю пагладзіла Марэка па шчацэ і на зьдзіўлены Швэйкаў позірак сказала:

— Няшчасны вучоны! Ён так змардаваўся. У яго белыя рукі і ён ня звык да чорнай рускай працы. Але сягоньня ты можаш адпачыць. На абед будуць пампушкі, і ты добра падмацуешся.

Па абедзе, памыўшы свае кашулі, палонныя пашлі ў вёску на пагулянку. Мужыкі ўтварылі адну групу, кабеты — другую. Дзяў-