Старонка:Svejk.5.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вельмі крыўдзіцца. Калі яна пасварылася з бабай Арынай, дык тая ёй сказала: «Цьфу, што ў цябе за дочкі! Такія пудзілы, што ніводны парабак з імі гуляць ня хоча! «А я-ж не такое ўжо пудзіла, га?

— Не, вядома, што не! — сьцьвердзіў Марэк, абнімаючы яе стан. І Дуня прытулілася да яго і жартаўліва прашаптала:

— Ну, ну, добра! Але чаму ты такі дурны! Добра, ня руш мяне цяпер. У хаце будзе досыць часу.

Яны прыехалі і ссыпалі збожжа ў клець. Дуня распрэгла валоў, пусьціла іх пасьвіцца, а сама нацягала з Марэкам вады ў лазьню і сказала яму:

— Лазьню выпалім заўтра раніцою. Сёньня будзем мыцца толькі халоднай вадой. Але сьпіну ты мне патрэш, га?

Аднак, яна замкнула за сабой дзьверы, а як вымылася, падштурхнула яго.

— Ну, цяпер ідзі мыцца ты. А потым прыходзь у хату. Я прыгатую на вячэру яечню.

Калі Марэк прыйшоў у хату, яна паставіла на стол яечню з скваркамі, а потым прынесла аднекуль грубую падушку і паклала яе на прыпек.

— Сёньня я буду спаць тут, пад абразамі, — сказала яна. — Я павінна маліцца, каб бог дараваў мне мае грахі.

Яна пачала класьці перад абразамі земныя паклоны, стукаючы лбом аб падлогу і ўвесь час хрысьцячыся. А калі Марэку абрыдла глядзець на гэта, ён падыйшоў і падняў яе.

Ён сеў на прыпек і пасадзіў Дуню на калені. Яна абняла яго за шыю і прашаптала:

— А ты мне гасьцінца купіш, як будзе кірмаш?

— Усё, усё я табе куплю, усё падарую. Дзесяць фунтаў цукерак табе прывязу, як толькі мне прышлюць грошы з хаты, — абяцаў ёй Марэк, спускаючы з яе плеч кашулю.

Але Дуня спалохалася і падбегла да дзьвярэй.

— Нельга, нельга. Яшчэ відна. І мне сорам перад сьвятымі. Нельга, матка боская нас убачыць.

— Ах, Дунечка, ды ўжо-ж амаль зусім цёмна, — пачаў упрашаць яе Марэк. — Дальбог, я цябе ледзь бачу адсюль. Ну добра, я выйду і зачыню акяніцы.