Старонка:Svejk.5.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цьвяршына, выхваляючыся сваёй перамогай, толькі ўсьміхаўся; Швэйк, зірнуўшы на зробленае, упэўніўся, што палавіна лугу скошана, і пахваліў славака:

— Вось бачыш, які ты маладзец. Пасьля абеду выкліч зноў каго-небудзь на спаборніцтва.

У гэту хвіліну падыйшла Наталка і паклікала іх абедаць. Абед быў зусім убогі — звараная на вадзе прасяная каша. Наталка зьліла з яе ваду, падліла з бутэлькі нейкага алею, выцягнула з мяшка хлеб, нарэзала яго лустамі, паклала лыжкі і пачала частаваць:

— Ежце на здароўе!

Швэйк памачыў палец у алей і аблізаў яго. Дуня, убачыўшы яго зьдзіўлены твар, пачала тлумачыць, паказваючы на бутэльку:

— Гэта поснае масла — алей.

Швэйк з запытаньнем у вачох зірнуў на Марэка, узяў у рот лыжку кашы і сказаў:

— Дык гэта-ж наша аліва. Вось чаму ў расійцаў такі здаровы колер твару, — ад алівы, якую яны льюць сабе ў кашу.

Па абедзе Трахім Іванавіч зірнуў на сонца і літасьціва дазволіў запаўзаючы ў цень пад калёсы:

— Цяпер мы гадзінку адпачнем. Кладзецеся, хлопцы, адпачывайце!

Дуня і Наталка пайшлі да баб на суседняе поле. Хутка адтуль пачуліся песьні. Швэйк слухаў з вялікай цікавасьцю. Але адчуўшы, што ня дрэнна-б было-б знайсьці ціхае месца, ён адыйшоўся ў бок у стэп і сеў паміж высокімі сьцябламі бур’яну і іншых расьлін.

Сьпевы змоўклі і дзяўчаты пачалі шаптацца. І калі Швэйк, зрабіўшы што трэба, бордза ўстаў, ён убачыў такі малюнак: усе жанчыны сядзелі на такой адлегласьці, на якой яны маглі заставацца незаўважанымі на карачках на зямлі і ня зводзілі вачэй з таго месца, дзе ён быў. Калі ён узьняўся, усе крыкнулі і разьбегліся, але зноў сабраліся на суседнім полі, і, сакочучы, пачалі паказваць рукою на палонных.

Выспаўшыся, Трахім Іванавіч наважыў, што пойдзе з Цьвяршынай касіць, а Швэйк і Марэк будуць з дочкамі малаціць.