Старонка:Svejk.5.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Падтрыманьне слухачоў яго распаліла, і ён зноў зьвярнуўся да Марэка:

— А ты на конях езьдзіць умееш? Коняй у тройку запрагаць умееш?

— Не, ня ўмею, — гэтак-жа спакойна адказаў той. — У нас ёсьць аўтомобілі.

— Бач, ты, аўтомобілі! Брэша, як сабака! — урачыста абвясьціў стараста. — Яму, пацану, год дваццаць ня больш, і ён ужо наезьдзіўся на аўтомобілях, а мне ўжо шэсьцьдзесят,а я іх яшчэ і ня бачыў. Гэтыя аўстрыякі брэшуць ну проста, як сабакі!

Яго словы спаткаў гул ухвалы. Палонныя пазіралі адзін на аднаго, не разумеючы ў чым справа, а стараста нарэшце запытаў:

— Ну, а на гармоні граць умееш?

— Не, — спакойна адказаў Марэк.

Стараста ўзлаваў, выцягнуў з кішэні нож і пачаў адразаць з рукава Марэка нашыўкі, моцна трымаючы яго за локаць і гаворачы:

— Вось табе і адукаваны! У нас, у Маскве, у нас на сьвятой Русі, кожны парабак разумнейшы. А яшчэ пайшлі ваяваць з намі, дурні! Нібы ніколі ня чулі, што Расія нават Наполеона разьбіла, хоць той быў хітры, як чорт, і паехаў верхам ад Масквы аж да Парыжу! Вось, братка, вучэцеся ў нас, погань!

Стараста шырока раставіў ногі, размахнуўся касой, нібы хацеў разрэзаць напал земную кулю, і хапіў па траве так, што каса толькі дзынкала. Хвілін з пяць ён касіў як асілак, аж пот ішоў з лобу, а Швэйк нават запляскаў у далоні і крыкнуў: «брава, брава!».

— Ты што, звар’яцеў? — накінуўся на Швэйка Цьвяршына. — Што ўмее гэты мужык, тое і я магу. — А ну, братка, — падштурхнуў ён старасту, — а ну паглядзі, як у Аўстрыі косяць!

Шырокімі, лёгкімі ўзмахамі ён запрацаваў касой і трава шырокімі радамі клалася за ім.

— Гой, людзі добрыя, глядзеце на палоннага, — пакрыўджана крыкнуў стараста. — А ты, Сярожка, вазьмі-тка вось у гэтых лодыраў косы, дый пакажам ім, як па-нашаму.