Старонка:Svejk.5.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зад, на Цьвяршыну, — усё толькі пытае, ці можа ён хадзіць па нядзелях у царкву, і нічагуткі цікавага ня кажа і не паказвае! Дурань, сапраўды дурань! Рохля!

Каля дзевятай гадзіны яны дабраліся да поля, дзе Трахім Іванавіч жвава тлумачыў Швэйку, што і як трэба рабіць, а Швэйк, нічога не разумеючы, з усім згаджаўся і ўсё сьцьвярджаў:

— Так, так, так! Пшаніцу касіць, авёс малаціць, сонечнікі перакапаць, коні пасьвіць, валоў напаіць… Так, так, так… Добра, так, так, так!..

Задаволены Трахім Іванавіч палэпаў Швэйка па плячы. Паклікаўшы Марэка і Цьвяршыну, ён даў кожнаму па касе, адвёў іх праз поле назад, дзе трава, ужо падсохнуўшы, стаяла сьцяной, і сказаў:

— Ну, з богам. За два дні вы ўтрох гэта жартам скосіце. А калі косы затупяцца, дык у нас іх гастраць так.

Ён пабаўтаў рукою ў цэбры, каб разьмяшаць там гліну і пясок, выцягнуў з цэбра достачку і пачаў ёй мянташыць.

— Вось, хлопцы, косы цяпер — як галякі, і да вечара вы сваю паласу скончыце.

Яны пачалі касіць; Марэка паставілі апошняга, Цьвяршыну — наперадзе, і Швэйк пачаў угаварваць Марэка:

— Галоўнае, глядзі мне на ногі, каб іх не адцяць. Калі трава не паваліцца, дык ты не бядуй. Яна дастала, што ёй належыла і павінна была паваліцца. А калі не павалілася, дык ты тут ня вінаваты, а вось без нагі мне было-б дрэнна. Вось таксама жыў У Касьцельцы адзін сьлёсар, на прозьвішча Беранэк, які любіў пакпіць з людзей. Ідзе ён неяк па рынку, а насустрэч яму кульгае на аднэй назе стары Прохаска, якому другую нагу адстрэлілі пад Кралове-Градцам. Беранэк падаў яму пяцёрку і кажа: «Вось бачыце, дарагі Прохаска, цяпер узімку вам добра, што ў вас няма другой нагі. Добра, што ў вас мерзьне адна, а ў мяне — дзьве!» Год дваццаць пасьля таго ў Беранэка зьявілася кастаеда, і дактары адрэзалі яму нагу. Калі яго прывезьлі з больніцы дамоў, стары Прохаска, хоць ужо зусім ледзь дыхаў, прыцягнуўся да яго і кажа так жаласна: «Ну, вось, дарагі мой, я магу вас узрадаваць. Не бядуйце, што гэтыя лупені адрэзалі ў вас ножку. Цяпер неўзабаве надыйдуць халады, дык яна ў вас мерзнуць ня будзе!»