Старонка:Svejk.5.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і прыгожыя, і няпрыгожыя, і худыя, і тоўстыя. Жанчыны ўва ўсім сьвеце аднолькавыя.

— І ўсё ў іх такое самае, як і ў нас? — дапытвалася Дуня. — І валасы? І зубы? І рукі і ногі?

— Ну так, так, — сьцьвердзіў Марэк.

— І гэта таксама? — запытала Дуня, паклаўшы рукі на свае поўныя грудзі.

На Марэка раптам нешта наўшло. Ён абярнуўся ў бок другіх калёс, але, угледзіўшы, што Наталка, мабыць, разьвязвала тую-ж проблему ў Цьвяршыны, якому яна захоплена нешта расказвала, ён абедзьвюма рукамі сьціснуў Дуню за грудзі.

— Зразумела, і гэта таксама. Але не заўсёды яно гэткае сакавітае.

Дуня прытулілася да яго ўсім сваім гарачым целам, як кошка, потым яна пасунула адну руку Марэка ніжэй, так што яна апынулася ў яе на каленах, і прашаптала:

— Значыцца, у вашых дзяўчат усё-усё так, як у нас? Усё, усё?

— Так, так, так, — кінуў Марэк, якога аж у пот кінула, і ягоныя пальцы непакойна бегалі па каленах цікавае дзяўчыны. — Усё: валасы, зубы, рукі, ногі — усё, як у вас. Але такія прыгожыя ножкі, як у цябе, ня ў кожнай бываюць.

І яго правая рука нібы незнарок ахапіла дуніну нагу вышэй лыткі, паказытала каленку і каўзанулася яшчэ вышэй… Але Дуня рашуча адштурхнула яе.

— Куды лезеш, чорт лазаты? Нельга ў калёсах! Мала табе, калі я кажу, што ў расійскіх дзяўчат ўсё такое самае, як у вашых? Не, трэба табе самому памацаць, ды яшчэ на людзях!.. Ідзі, ідзі, пахабнік!

Яна зноў пачала паганяць валоў, але праз хвіліну перадала Марэку пугу і засьмяялася:

— Пайду я пагутарыць з Наталкай. І калі ў вашых жанчын сапраўды ўсё такое самае, як у нашых, дык гэта азначае, што і вашы мужчыны нічым не адрозьніваюцца ад нашых? Значыцца, у іх таксама ўсё, як і ў нашых?

А праз хвіліну яна нешта горача тлумачыла сястры, якая з захапленьнем зірнула на Марэка і сказала:

— Ах, які ён адукаваны чалавек! Ён табе ўсё адразу растлумачыць! А гэты стары дурань, — уздыхаючы, паказала яна на-