Старонка:Svejk.5.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хутчэй, хутчэй апранайся, — сьпяшаў гаспадар, — няча чаго марудзіць.

Трахім Іванавіч выйшаў запрагаць коняй у калёсы; абедзьве дачкі таксама ўсталі і корпаліся з валовымі запражкамі.

— Я толькі-толькі пасьпеў заснуць, — скардзіўся Швэйк, — з вечару мяне дужа кусалі блохі. І вось гэты тып прыходзіць і іржэ мне ў вушы, як конь. Так з пярэпалаху і радзімчык здарыцца можа. Узьнімае нас на працу, а яшчэ ноч… Калі-б тут былі блізка поліцыянты, я-б падаў на яго скаргу. Што ён не дае людзям спаць, калі ім спаць хочацца?

— Дальбог, Швэйк, яшчэ няма другое гадзіны, бурчэў Марэк, зірнуўшы на гадзіньнік. — У нас такой парой усе яшчэ сьпяць.

— Ну вось бачыш, — урачыста сказаў Швэйк, — што я мог-бы яго пасадзіць нават за краты. Эх, няма тут поліцыянта пад рукой; дай яму толькі крыху ў руку, дык ён табе ўсё сьцьвердзіць! Язэпа Поспішыля з Высачан ведаеш? Не? Ну дык вось, з ім быў якраз такі выпадак, калі яго затрымалі ў часе дэмонстрацый за выбарчае права. Ён таксама ішоў разам з іншымі, а на шыі ў яго шалік, а пад шалікам — апухлыя залозы. Справа ў тым, што ён прастудзіўся ад скрозьнікаў на заводзе, і каб яму нават заплацілі мільён, дык ён ня здолеў-бы выціснуць ані гуку. Але, як няма чаго рабіць, дык ён пайшоў на дэмонстрацыю нават з распухлым горлам. Стаць ён, значыцца, на Венцэслававым пляцы, слухае, як доктар Соукуп крычыць праскім фараонам: «Узброены народ у форме поліцыянтаў, схіліся перад яго вялікасьцю пролетарыятам!» і думае: «Ён сабе крычыць, а поліцыянты стаяць, як балваны. А калі паласканьне перакісам вадароду мне не дапаможа, дык абавязкова прыдзецца даць выразаць залозы». І раптам яму на плячо кладзе руку поліцыянт: «Імем закону, вы арыштаваны. Вы крычалі: «Прэч монархію, прэч імпэратара!» Наш Поспішыль паказвае рукой на горла, а поліцыянт зрабіў знак другому, каб узяць яго, і яны ўдвох узялі няшчаснага з натоўпу і пацягнулі ў вучастак. Там склалі на яго протакол, а ён сіпіць: «Я ня крычаў, у мяне горла распухла». А поліцыянт, які яго прывёў, кажа: «Вось бачыце, пан комісар, ён нават асіп ад крыку!» Але комісар бачыць, што горла ў Поспішаля зусім распухла, і пытае: «Ды ці добра вы ведаеце, што гэта ён крычаў?», на што поліцыянт адказвае: «Так, ён мог гэта крыкнуць!» — «Але-ж вы бачыце, што ён ня можа нават