Старонка:Svejk.5.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ух, як піць хочацца, — крыкнуў Швэйк, беручы з яго рук поўную ражку, і пачаў прагна піць. Тым часам гаспадар дастаў кавалачак мыла, паказаў на ражку з цёплай вадой і знакамі паказаў, што трэба памыцца.

Марэк зразумеў, што ён у першабытнай расійскай лазьні і падаў добры прыклад. Палонныя пачалі мыць адзін аднаго; у лазьню прышоў голы гаспадар з новай ражкай вады, кінуў туды камень, каб пагрэць яе, і лінуў яе на распаленае каменьне, каб падпусьціць пары. Нарэшце, з палку ён узяў бярозавы венік і пачаў ім парыцца, пакуль усё яго цела не пачырванела, як у рака. Ён качаўся па палку, пырскаючы і вохаючы ад задавальненьня. Тады Швэйк таксама схапіў венік, пацёпкаў ім Марэка, Цьвяршыну і сябе і раптам абвясьціў:

— Ага, разумею: гэта прылада для зьнішчэньня вошай, вошабойка. Лускаць адну вош за аднэй занадта марудна і нудна. А мы вось думалі, што нас тут хочуць катаваць, а тым часам зьнішчылі ўсіх нашых саюзьнікаў… Няхай жывуць расійскія спосабы катаваньня!


*

Назаўтра Трахім Іванавіч усклаў тры кошыкі сярпоў, біклажку вады, мяшок хлеба і казанок на калёсы і пабег да пуні, дзе начавалі палонныя.

Было яшчэ бадай зусім цёмна. На ўсходзе нябачнае яшчэ сонца кідала першыя агністыя стрэлы ў крывавае неба, і Трахім Іванавіч радасна зазначыў:

— Добры будзе дзень!

Ён адчыніў дзьверы ў пуню і прарэзьліва крыкнуў:

— Э-гэ-гэ! Уставай, хлопцы!

Марэк з пярэпалаху ўскочыў з сена, на якім яны спалі. Цьвяршына ўзьняўся, нарыхтаваўшыся бегчы, куды вочы глядзяць, хоць чорту ў лапы, а Швэйк спакойна павярнуўся на другі бок, сказаўшы:

— Не перашкаджайце спаць, эй, вы там! Бо вас аштрафуюць за парушэньне грамадзкае цішыні і спакою.

— Эгэ-гэ-гэ! — закрычаў гаспадар у адказ над самым вухам у Швэйка. — Ну, уставай паніч! Хадзем на поплаў, на працу!

— Што-ж, на працу, дык на працу, — пазяхнуў Швэйк, — што-ж мы будзем рабіць?