Старонка:Svejk.5.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няпрыстойнае адзеньне і лёгкадумнае баламуцтва, — гучэла зьнізу, — зьяўляюцца пасткай, якая ловіць душы. Беззаганнасьць — лепшая прыгожасьць твайго роду, няпрыстойнасьць і нядбайнасьць вопраткі — яго найвялікшая ганьба. Шмат хто з дзяўчат занадта рана і шмат клапацяцца, каб выйсьці замуж, і толькі таму, што яны карыстаюцца пры гэтым ня тымі сродкамі, іх ніхто не бярэ.

— Лепшы сродак для разьвіцьця бюсту ведае адна мадам Пальчык з Пшыбрама, — азваўся Швэйк, — наогул яна дае жанчынам розныя сродкі для ачараваньня, а яе муж — мужчынам. Ён заўсёды зьмяшчаў абвесткі ў «Політыцы»: «Дзе няма валасоў, там яны зноў вырастаюць. Дзеці — шчасьце сям’і.»

— Той, хто табе падлыгвае і патурае, той амаль заўсёды хоча табе схлусіць. Сьцеражыся зьмія-спакушальніка, пагарджай ім. Калі табе абяцае што-небудзь свавольны, здатны да авантур чалавек, дык ён ня выканае свайго слова, бо не аднойчы абяцаў тое-самае шмат каму іншаму. І хто ва ўсім сьвеце ўзнагародзіць цябе за згублены гонар і добрапрыстойнасьць, якія ўкраў у цябе праз свае абяцаньні які-небудзь сласнотнік? — у захапленьні пытаў Цьвяршына словамі свае кніжачкі.

І Швэйк на гэта даваў адказ:

— Ніхто. І будзеш ты цягацца з ім па судох, пакуль ён табе не заплоціць за зьнявагу і алімэнты.

Цьвяршына прачытаў так усе дзесяць навучаньняў для дзевы, а потым перайшоў да малітвы, гучна галосячы праз дзюрку і заклікаючы бога навучыць яго, каб ён, Цьвяршына, усякага бессаромнага спакушальніка ад сябе адкінуў і прыняў да сэрца ўсе парады руплівых бацькоў. Ледзь жывы Швэйк лёг ля яго, дыхаючы халаднейшым паветрам, якое ішло з-пад падлогі, і пачаў глядзець разам з ім у кніжку.

— А што, прадсьмяротных маленьняў мужа і жонкі ў цябе няма? — запытаў ён. — Такіх, калі яны абудвы паміраюць разам?

Калі праз нейкі час Трахім Іванавіч адчыніў дзьверы, штурхаючы перад сабою голага Марэка з яго бялізнай, ён убачыў, што абудвы палонныя ляжалі на падлозе ў чадзе, амаль засмажаныя і лавілі паветра, як сабака на паляваньні. Ён палэпаў іх па сьпіне і, узяўшы пустую ражку, каб прынесьці вады, ласкава сказаў:

— Ну што, папарыліся, хлопцы?