Старонка:Svejk.5.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іх і глядзіць, вылупіўшы вочы. Бэран увайшоў да яго жонкі, падсеў да яе на дзіван, узяў яе левай рукой за стан, прыцягнуў да сабе, а правай пачаў гладзіць яе па паўкулях. Пяць хвілін гладзіў правай, потым пяць хвілін левай, потым зноў пяць хвілін правай… Яна ўся расчырванелася, а Халечык сядзіць быццам на вугольлі. А калі мінула тры чвэрткі гадзіны, ён ня вытрымаў, урынуўся да іх і крычыць: «Ну, годзе! Выкладай зараз свае пяцьдзесят крон!» Але Фэрда засунуў рукі ў кішэні, сьмяецца ды кажа: «Не, браце, гэта ня лічыцца! Бо я-ж па яе міленькім, прыгожанькім задку яшчэ зусім не палэпаў. Ты-ж сам бачыў, што яго толькі гладзіў». Гэта справа, даражэнькі мой, была ў Разьдзялове пад, Кладно, а ты і ня можаш вымагаць, каб я адразу пачаў гаварыць у Пецярбурзе з прыдворнай дамай аб сучасным драматычным мастацтве, тым больш, што гэтая дама можа быць якой-небудзь эскімоскай, баронэсай з паўночнага канцавосься.

— У нас, у Вадзерадзе, — успомніў капрал, — здарылася нешта падобнае. Але там гэта было з адным Слабодам, які быў глухі, як пень. Прыходзіць да яго настаўнік з газэтай і кажа: «Пане Слабода, на мяжы наша войска ўшчэнт разьбіла расійцаў», а ён яму ў адказ: «Ну, вядома, разьбілі, ніколі ў Выслоўцы кірмаш ня бывае без таго, каб каму-небудзь галаву не разьбілі. Зноў доктару работы прыбавілася!? — «Ды, ня тое-ж, пане Слабода, я кажу пра расійцаў, якія на Сане», — папраўляе яго настаўнік, і торкае яму пад нос газэту. А Слабода зноў: «Як гэта так — на санях, пане настаўнік? Надвор’е сапраўды ядранае, але ніколі яшчэ ў верасьні ў нас сьнегу ня было». Тут настаўнік зусім быў зьбянтэжыўся, бо вельмі ўжо яму карцела, каб Слабода даведаўся, якое наша становішча на фронце і як мы ідзем ад перамогі да перамогі. Ён паказаў пальцам на адно месца ў газэце і кажа: «Вось тут усё напісана. Расійцы перайшлі ўжо мяжу». А Слабода ўтаропіўся ў газэту і адказвае: «А сапраўды зайшлі-б вы да мяне, пане настаўнік, як будзем парсюка біць. Але гэта будзе не раней як у студзені, бо я хочу дакарміць яго, прынамсі, да паўтараста кілё».

— Што-ж, рознае бывае, калі людзі ня могуць паразумецца, — зноў узяў слова Швэйк. — Знаў я аднаго Зямельку з Барова, дык той быў музыка і вандраваў па сьвеце з музыкамі. Зімою яны былі недзе ў Баварыі, а калі час падыходзіў пад