Старонка:Svejk.5.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўзьнялася да нізкай столі страшэнна распаленая хмара пары аж палонныя адразу зьліліся потам. Гаспадар шпарка адчыніў дзьверы, выскачыў вон, крыкнуў ім нешта, чаго яны не зразумелі, і зачыніў дзьверы.

— Ён крыкнуў: «Цяпер вам сьмерць! — ляскаючы зубамі і чапляючыся за Швэйка, зарумзаў Цьвяршына. — Ён засмажыць нас тут жыўцом, а потым нас зьядуць».

Жар сухой пары напоўніў ўсё памяшканьне. Са Швэйка ручаямі цёк пот; ён абціраў яго рукамі з вачэй, якія ад поту да болю сьвярбелі, сплёўваў яго з губ, дзе да кропляў поту дадаваўся агідны салёны смак, і супакойваў Цьвяршыну:

— Мы як дзяцюкі ў «пещи огненной» . Добра яшчэ, што нас смажаць сухіх. А ты падумай сабе, што-б было, каб нас палівалі гарачым маслам! Так нас толькі адпарваюць. Казаў-жа чэскі офіцэр у Дарніцы, што палон, гэта — чысьцец, і што кожны павінен прайсьці праз яго, каб трапіць да дзьвярэй раю.

— Значыць, вось чаму ён крыкнуў: «Цяпер вам сьмерць!» — загаласіў Цьвяршына. — Ніколі-б я не паверыў, што будзе мне такі канец. Толькі-б трапіў я цяпер на фронт, я-б у іх так страляў, я-б ім так паказаў, як выдаваць маніфэст, што яны, нібы, вызваляць нас ад мадзьяраў. Езус-Марыя, гэта-ж сапраўдныя людаеды!

Цьвяршына зваліўся з лавы і лёг на падлозе. Швэйк не адказваў, а пачаў качаць галкі з гразі на сваіх сьцёгнах і кідаць іх на вугалі. Настала поўная цішыня. І толькі раз-па-раз чуўся пад стольлю сухі трэск, нібы ламалася тоненькая галінка. Гэта былі вошы, якія трэскалі, ня вытрымліваючы гэтай распаленай атмосфэры.

— Тут можна яшчэ дыхаць, таварыш — сказаў Цьвяршына, смаргануўшы за нагу Швэйка. — Тут стаіць ражка з халоднай вадой. На, выпі і ты, — дадаў ён прагавіта глытаючы ваду і апусьціўшы туды твар. Потым ён падпоўз на каленках да дзьвярэй і пачаў біць у яе кулакамі:

— Памажэце! Ратуйце! Гвалт! Нас смажаць жывых! Паміраем! Памажэце! Адчынеце!

Ніхто ня прыходзіў. Ад печы ішоў такі жар, што нават каля дзьвярэй нельга было дыхаць, і калі Цьвяршына пачуў, што Швэйк п’е ваду з ражкі, ён пайшоў па вопратку. Ён выцягнуў з кішэні курткі маленькі малітоўнічак у чорнай вокладцы, лёг