Старонка:Svejk.5.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цемру, відаць было, як ён паразьвесіў порткі і курткі на калкох пад стольлю, а бялізну разгарнуў на жэрдцы.

— Езус-Марыя, — прашаптаў Цьвяршына. — Што з намі тут зробяць? Мы-ж у нейкай закуце!

— Зусім ня тое ты кажаш, таварыш, — паправіў яго Швэйк. — Мы — у кутузцы. У расійцаў ёсьць для гэтага тое самае слова, што і ў нас. Мы называем гэта карцарам, турмой, як гэта вядзецца ў добрых людзей. Салдаты і валацугі завуць гэта кутузкай. Шляхетныя расійцы і паны офіцэры называюць такое месца катаргай, а сяляне — кутузкай. Здаецца, наш гаспадар казаў нават, што пасодзіць нас зараз у кутузку. Я-б толькі хацеў ведаць — з кім ён нас пасодзіць.

— Ну, ідзеце-ж, — кіўнуў ім Трахім іванавіч, паказваючы на другое памяшканьне і, калі ўсе ўвайшлі, зачыніў за сабою дзьверы.

Вакол іх панавала поўная цемра, і толькі праз маленькую дзюрку ў падлозе праходзіла крыху сьвятла. Гаспадар сеў на лаву, а потым узяў ражку з вадой і падышоў з ёй да печы, дзе паміж каменьня, пускаючы дымны і чадны жар, цьмелі буйныя вугалі.

Трахім іванавіч узяў дзьвюма трэскамі адзін камень і кінуў яго ў сваю ражку. Вада зашыпела. Ён задаволена нешта прамармытаў, зрабіў тое самае з другой ражкай і паставіў яе ля сябе.

— Божа літасьцівы, — прашаптаў Цьвяршына, палахліва тулячыся да Швэйка. — Што гэта ён там робіць? Гэта ўсё роўна, як кат нарыхтоўвае свае прылады да катаваньня. У нас вось так катавалі Яношака, каб ён прызнаўся, з кім рабаваў сваіх паноў.

— Здаецца мне, таварышы, што і з намі будзе тое, — з пакораю сказаў Швэйк, абняўшы рукою худое, кашчавае цела свайго таварыша. — Напэўна, ён выпрабоўвае ці досыць распаліліся каменьні. Напэўна, ён прымусіць нас прайсьці па іх босымі, каб упэўніцца ў нашай бязьвіннасьці, што мы не забівалі расійцаў. Тут,напэўне, бракуе жалеза і таму абыходзяцца больш танным матэрыялам. Ты-ж ведаеш, як узьніклі капальні «Польдзіхюттэ» каля Кладно? Адтуль езуіты бралі жалеза, калі дапытваліся, ці ня ведзьма тая ці іншая жанчына.

Трахім Іванавіч узьняў поўную ражку вады, адступіў на крок ад агня і адным махам выліў ваду на каменьне. Грымнуў выбух; пачулася лопаньне, нібы ірвалася некалькі шрапнэляў, і ад печы