Старонка:Svejk.5.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэты ня ўмее маліцца, — пачаў ламанай расійскай мовай апраўдваць Марэка Швэйк, калі пасядалі за стол. — Ён наогул ня ўмее па-вашаму гаварыць. Ён дурны, як бот.

Гаспадыня пераліла варыва з жалезнага гаршка ў драўляную міску, і ўсе ўзяліся за лыжкі. У гарачай вадзе плавалі кавалачкі капусты, бульбы і нейкай незнаёмай гародніны; гаспадыня, частуючы чужаземцаў, раіла ім вылаўліваць з міскі мух, якія валіліся туды раямі. І, ставячы на стол парэзаны скібкамі белы хлеб, сказала:

— Ежце, ежце! У нас варыва хопіць. У печцы яшчэ саган стаіць.

Палонныя цягалі лыжкамі кавалкі з міскі, і іхныя веды ў расійскай мове ўсё пашыраліся. Гаспадар завёў з жанчынамі размову, і Швэйк зьвярнуў увагу на тое, што часта паўтаралася слова «лазьня».

Варыва яны заелі хлебам, і Марэк паціху заўважыў, што гэтая бедная вячэра ня варта таго, каб за яе авансам так маліліся ды дзяквалі. Швэйк, адзначаючы правільнасьць ягоных слоў, сказаў:

— Можа іхны бог — скупы. Бывае так, што ў каго сэрца добрае, дык той адразу дае, а іншы любіць і паўпірацца. Вось у Лібене была ў мяне адна знаёмая, Ганна Бэнда, дык тую ніяк ня ўпросіш, пакуль не дасі на блюзку ў дадатак да прызнаньняў у каханьні. Хто яго ведае, якія тут парадкі? Можа іхны бог глухі. Яго-ж заўсёды малююць дужа старога.

— Ну, браццы, цяпер пойдзем памыцца, — сказаў гаспадар, узьнімаючыся і даючы ім знак ісьці за ім.

Ён павеў іх праз двор да маленькай хаткі, падобнай да пуні. Калі яны ўжо зусім блізка падышлі да яе і Марэк упэўніўся, што гэтаня тая ўстанова, пра якую ён думаў, ён запытаў у гаспадара:

— А дзе ў вас тут сарцір?

— Ідзі проста ў стэп, — адказаў той. — Нам сарцір непатрэбен.

Марэк адышоўся. Трахім Іванавіч адамкнуў хатку, упіхнуў туды Швэйка і яго таварыша, прапанаваў распрануцца і сам памог ім скінуць порткі і кашулі.

Падабраўшы іхную бялізну і адзеньне, ён адчыніў другія дзьверы і пайшоў за імі ў другое памяшканьне. Ня гледзячы на