Старонка:Svejk.5.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А як-жа гэта ў вас? У цябе жонка ёсьць? І дзеці? А зямля? А капуста на ёй расьце?

— Гэта вось мая гаспадыня, а гэта — дочкі, — растлумачыў Трахім Іванавіч. Гэта — Наталка, і гэта — Дуня.

Дуня, здаровая дзеўчына, у якой крамяныя грудзі так і расьпіралі кофту, зьняла з галавы ў Швэйка шапку і пагладзіла яго па лобе. Потым яна зірнула пад шапку і Марэку, на якога яна глядзела з недавер’ем і сказала бацьку:

— Ніякіх рагоў у іх няма, і вачэй у іх двое. А бацюшка ў царкве казаў, што гэта антыхрысты, што ў іх адно толькі вока сярод лобу і рогі, як у быка… Можа гэта зусім не аўстрыякі?

— Ваш бацюшка — дурань! — проста заўважыў бацька. — Дзівак ён. Гэта — людзі, як і мы. Усе пісьменныя, і чыноўнік казаў, што ў іх нават кавуны відэльцамі ядуць. Ну, а цяпер давайце вячэраць!

З вялізнай расійскай печы, якая займала ўвесь кут насупроць, гаспадыня выцягнула рагатым струмантам вялікі, закураны саган, тым часам як яе дочкі паставілі на сярэдзіну стала драўляную міску і расклалі вакол яе стракатыя ляксаваныя і таксама драўляныя лыжкі. Тады Трахім Іванавіч устаў і прачытаў перад абразамі малітву. За ім стаялі жанчыны, кланяючыся і жагнаючыся.

— Гэта яны перад ядой моляцца, — паціху прашаптаў Марэк. Славак Цьвяршына няўпэўнена ўстаў, падышоў да іх і, стукаючы сабе ў грудзі, пачаў хрысьціцца паводле каталіцкага абраду. А калі паклоны ўсё яшчэ не канчаліся, Швэйк наважыўся:

— Эх, пайду і я рабіць вольныя рухі; хоць хутчэй іх усе пераробім. Відаць, бог пасылае ім нядрэнны абед, што яны яго так шчыра дзякуюць загадзя. Калі я быў на вайне, у палку быў фэльдфэбель Блашэк, які заўсёды казаў салдатам: «Дурні вы гэткія, практыкаваньні са стрэльбай і вольныя рухі вы будзеце рабіць, пакуль не счарнееце і пакуль магазын ня будзе поўны!» Можа і гэтыя тут моляцца на запас?

І Швэйк стаў поруч з гаспадаром ды пачаў адбіваць паклоны, аж трышчэла сьпіна, і хрысьціцца, нібы ён выконваў зьдзельную працу. Калі гаспадары скончылі і разьвіталіся са сваімі сьвятымі, яны з замілаваньнем глядзелі на яго.

— Вось, адразу відаць — набожны і добры чалавек, — сказаў гаспадар. — Нават нашаму богу моліцца.