Старонка:Svejk.5.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце за справу ўзяўся начальнік варты, казацкі ўраднік з прастрэленым вокам. Ён узяў у пісара сьпісы і крыкнуў казакам:

— Дваццаць чалавек у Камянец! Адлічвай! Гатова? Вядзі іх на вакзал! Далей: шэсьцьдзесят чалавек у капальні ў Чарткова. Станавіся па чатыры! Адлічвай пятнаццаць шэрагаў! Ну, шпарчэй! Гані іх прэч!

А на пісаравы просьбы і супярэчаньні, што гэта, бач, ня тыя, каго прызначыў капітан і якія адзначаны ў сьпісах, ураднік адказваў:

— Глупства, гэта ўсё аўстрыйцы, сукіны дзеці!

Такім чынам Швэйк і Марэк разам трапілі на вакзал. Разам з іншымі восемнаццацьцю палоннымі іх загналі ў цяплушку, і раніцою на трэці дзень яны дабраліся да Камянца; там іх аддалі пад загад земскай управы, якая павінна была разьмеркаваць іх па сялянскіх гаспадарках на дапамогу ў зборы ўраджаю, які сама што тады разгарнуўся.

Іх адвялі на двор і дазволілі ім адпачываць на дрывах, што нарыхтаваны былі на пілаваньне. Потым поліцыянт адышоў і пачаў хадзіць узад і ўперад каля брамы, а палонныя зноў узяліся за сваю звычайную справу — біць вошы.

Пад дзесятую гадзіну прышоў нейкі чыноўнік з сялянамі. Яны падышлі да палонных і пачалі выбіраць лепшых на выгляд ды мацнейшых.

— Вось гэты, відаць, будзе добры працаўнік, — паказаў чыноўнік на Швэйка, у якога чырвоны твар зьзяў ад задавальненьня, што ім так цікавяцца.

Барадаты дзядзя ў высокіх ботах, з якіх пазіралі пальцы, падышоў да Швэйка і, узяўшы за рукі, абмацаў яго аж да плеч, а потым сказаў:

— Што-ж, гэтага можна. Трэба-б яшчэ двох.

— А ў зубы ты мне ня зірнеш, ідал? — далікатна зазначыў Швэйк, разявіўшы рот. — Вось якія ў мяне іклы.

— Ага, есьці папрасіў! — здагадаўся мужык, ківаючы галавой. — Пачакай, браце, яшчэ ня можна. Перш ты павінен зарабіць хлеб той.

Ён зірнуў на Марэка, памацаў яго мускулы, пацягнуў яго ўгару, каб той устаў, узяў яго рукі ў свае і незадаволена прамармытаў:

— Здаровы, але не працаўнік.