Старонка:Svejk.5.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ну, з кожнай яшчэ па аднаму! — загадаў Папоў паказваючы на другі канец кожнай групы.

Узялі яшчэ чатырох; цяпер было ўжо восем чалавек, з якіх ніхто ня ведаў адзін аднаго. Капітан зноў крыкнуў:

— А цяпер вазьмеце вось сяродку!

Набралася дванаццаць чалавек. Папоў пералічыў іх і пайшоў ад групы да групы, паказваючы казакам пальцам:

— Во гэтага! Во гэтага!

— На заводы і капальні ў Чарткова — шэсьцьдзесят чалавек!

І пакуль пісар, абліваючыся потам, пачаў складаць сьпіс прызначаных у Камянец, Папоў, паводле свайго асьцярожнага мэтоду, выбраў яшчэ шэсьцьдзесят чалавек для працы ў капальнях так, каб з іх ніхто ня знаў адзін аднаго. Так вялося да таго часу, пакуль не распарадкавалі ўсю партыю.

Маючы на мэце дабрабыт Расіі, ён праводзіў свае мерапрыемствы з вялілім сумленьнем і лічыў сябе за збаўцу радзімы. Яго злавала толькі тое, што лік палонных у лягеры ўсё ўзрастаў — зьявішча, якое не маглі растлумачыць ні ён, ні пісары.

Тым часам сьпісы перапісалі нанова, і капітан зьвярнуўся да палонных з прамовай, у якой асабліва падкрэсьліваў, што яны едуць на працу і ім будзе жыць добра; але хай яны не забываюцца на тое, каго куды пасылаюць — гэтыя вось у Чарткова, гэтыя — у Мільлерава, тыя — у Новачаркаскую, а тыя — у Крукаўку. Потым ён пайшоў абедаць, і казакі пайшлі за-ім.

У натоўпе палонных пачуліся выгукі і крыкі, нібы перагукваліся між сабою паляўнічыя пасьля паляваньня, разышоўшыся па ўсім лесе. Кожны клікаў і шукаў таварыша, з якім ён быў разам на фронце ці пасьля яго, і групы паразыходзіліся.

Пасьля таго, як палонных пачаставалі абедам, пісары зноў прышлі, цяпер ужо адны, без капітана, далі казакам дасылальныя паперы і пачалі рыхтаваць партыі да адпраўкі.

Гэта была безнадзейная справа. Пісары глядзелі ў сьпісы і выклікалі прозьвішчы, аж пахрыплі, але ніхто не адклікаўся. Яны хапалі палонных, патрабавалі іхнага пасьведчаньня, але ніводнае прозьвішча ня было падобнае да тых, што былі ў сьпісу. Усё, што з такімі цяжкасьцямі зрабілі раніцою, разбурылася, засталіся адны руіны. Казакам загадалі выгнаць усіх на двор і выстраіць па аддзяленьнях. Але і з гэтага нічога ня выйшла.