Старонка:Svejk.5.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Заразу гэтай дэморалізацыі пашырылі больш старыя палонныя, якія былі там з 1914 году і выхваляліся, што цалкам зразумелі Расію і яе тэхніку. Яны ўмелі абмінаць усе загады, якімі вайсковае ведамства старалася прыцягнуць іх да працы, і, лежачы ў бараках на лавах, з хітрай усьмешкай казалі:

— Хай мяне падсмажаць на ціхім агні, хай мяне вошы заядуць, хай я замерзну — але толькі каб не працаваць.

Яны лічылі за свой сьвяты абавязак навучаць новых палонных у такім-жа кірунку, і таму Швэйк, даведаўшыся пра гэтыя парадкі, ані ня зьдзівіўся, калі ззаду праціснуўся міма яго нейкі зусім абадраны суб’ект і на пісарава запытаньне: «Як тваё прозьвішча?» — адказаў: — «Палонны Валацуга-Беспамятны». — А калі пісар зьбянтэжана запытаў, як гэта запісаць, той адказаў, што: «Палонны» — гэта яго імя, а «Валацуга-Беспамятны» — прозьвішча. Азірнуўшыся навокал ён дадаў:

— Нагаварэце яму што-небудзь накшталт гэтага, з чаго ў яго вочы на лоб павылазяць. А для вас я карчмар Долечак з Жычан.

Таму Швэйк, калі пісар падышоў да яго, не чакаючы запытаньня сказаў:

— Сапёр Вадзічка.

— Ах, Вадзічка! — задаволена праказаў пісар і зьвярнуўся да Марэка: — А тваё прозьвішча?

— Чамубне Кратына, — сур’ёзна адказаў той.

— Дзіўныя ў іх на Захадзе імёны і прозьвішчы, — сказаў капітан пісару, убачыўшы, як ён пакутуе над гэтым нязвычайным імем. — Перапытай яго яшчэ раз, каб не пераблытаць.

— Ча-му-б-не Кра-ты-на, — па складох казаў Марэк, а Швэйк павярнуўся да яго і сказаў:

— Ты ці не радня пану Кратыне з Кралуп? Ён крые дахі і любіць лазіць па кручах. Ён яшчэ зьняўся на даху палацу ў Нелагошы, а ў Вельгрушы на вежы пад ім зламалася драбіна.

Як усе былі перапісаны, капітан Папоў пайшоў у сваю канцылярыю, а потым вярнуўся з нейкімі паперамі і пачаў чытаць:

— На сельскую працу ў Каменцы — дваццаць чалавек!

Пісары і казакі падышлі да палонных, дзе кожная нацыянальнасьць стаяла ў асобнай групе, і ўзялі з кожнай па аднаму чалавеку. Вышла чатыры чалавекі.