Старонка:Svejk.5.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго пасярэдняму і выяўляліся роўна. Ён выдаваў палонным менш хлеба, чым трэба, абкрадаў іх на мясе, не даваў ім цукру і загадаў варыць чай у катлох. Кухнямі загадвалі мадзьяры, якія чай пакідалі сабе, а вар афарбоўвалі попелам.

Можа яго дзейнасьць была-б больш інтэнсыўнай, каб яму не перашкаджалі казацкі генэрал Сахараў, што камандаваў вайсковай акругай і прыкамандыраваныя да лягеру данскія казакі-інваліды. Але Сахараў, чалавек сумленны і далікатны, адданы сваёй справе салдат, часта прыяжджаў на рэвізію, выслухваў палонных і пытаўся ў іх пра жыцьцё ў Расіі. Данцы, таксама вымуштраваныя салдаты, абыходзіліся з палоннымі добра, як гэта і належыць з пераможанымі ваякамі, і іхнае разуменьне вайсковага гонару не дазваляла ім абкрадаць палонных.

У капітана Папова была, да таго-ж, яшчэ адна ўласьцівасьць, якая зрабілася яго каньком. Ён быў упэўнены, што цэнтральныя дзяржавы знарок пасылаюць такія масы палонных у Расію, каб зрабіць там з іхнай дапамогай паўстаньне і пагражаць расійскай арміі з сяродку. А з прычыны таго, што ён з практыкі рэволюцыі 1905 году ведаў, што паўстаньне выбухае перш за ўсё там, дзе людзі, доўга пажыўшы разам, бліжэй сыходзяцца адзін з адным, ён стараўся як мага разрозьніць палонных.

Таму ён паставіў партыю, у якой быў Швэйк, на двары, рассартаваў палонных паводле нацыянальнасьцяй і пачаў складаць з пісарамі сьпіс, падрабязна апытваючы палонных.

Допыт пачаўся з крайняга канца, і ўжо трэцяму палоннаму таварышы, якія стаялі за ім і якія трапілі ў лягер раней, параілі не казаць свайго сапраўднага прозьвішча.

— Пагоняць цябе ў капальні, а там, браце, дрэнна. Тут ты таксама галадуеш, але хоць няма чаго рабіць. Скажы ім якую-небудзь лухту, але прозьвішча не кажы. А калі будуць выклікаць у партыю, дык ты не адгукайся, бо цябе ня так завуць, а пакажы пісару сваю асабовую бляху. Ён умее чытаць лацінку.

Выгада такой штукі была відавочная і даводзіла да роспачы як пісара, так і самага капітана. Некалькі гадзін узапар пісар адзначаў і разьмяркоўваў, куды і з якой партыяй каму ісьці, а на заўтра перад ім былі зусім іншыя людзі, якія нахабна хлусілі яму, што яны яшчэ не запісаны.