ПА ПЯТАХ ВОРАГА
Кожная профэсія мае сваю практыку, зьбірае свае назіраньні і робіць вынаходкі, што дазваляюць дакладна прадбачыць прыход тых або іншых выпадкаў. Старыя авечыя пастухі вам скажуць, якое будзе заўтра надвор’е лепш за мэтэоролёгічную станцыю на Пэтжыне; паненкі каля Парахавое вежы з аднаго погляду пазнаюць, ці варта папрасіць папяроску ў сур’ёзнага з выгляду пана, што ўначы разглядае будынак Жыўнасьценкскага банку; дактары наперад кажуць вам, ці ёсьць у вас сухоты, і што, калі ў вас няма грошай, вы ўсяроўна памрыцё ад іх; і нават у Праскай поліцэйскай управе ёсьць адзін інспэктар, што добра ведае: калі чалавек, якога прывялі на допыт, папросіць шклянку вады, дык ён ва ўсім прызнаецца.
Таму старыя, спрактыкаваныя ваякі, як маршавы батальён 91-га палка атрымаў у Золтанцы неўспадзеўкі загад выкапаць новыя равы, на патрэбныя каморкі, зусім сур’ёзна сказала:
— Ну, хлопцы, гэта нездарма! Заўтра, а напазыьней — пасьля заўтра, нас адтуль пагоняць. Цяпер справа сур’ёзная.
Ніхто на сьвеце ня зможа вытлумачыць гэтую дзіўную сувязь паміж патрэбнымі каморкамі і аўстрыйскаю арміяй. Аднак паміж імі існавала яна, як сувязь паміж зьяўленьняў плямаў на сонцы і павялічэньнем вульканічнае дзейнасьці. У вёсках, дзе стаялі салдаты, ніхто не клапаціўся пра тое, дзе ім адпраўляць свае натуральныя патрэбы; але, як толькі прыходзілі вядомыя загады пра ператасоўку войска, салдаты атрымоўвалі рыдлёўкі, сякеры і строгі загад збудаваць вялікія, прасторныя патрэбныя каморкі. Было падобна да таго, нібыта вайсковыя аддзелы