Старонка:Svejk.4.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бяліл, каб ён засыпаў імі раны. Ну, а пасьля ў калідорнага мяса пачало адвальвацца з касьцей, і ён павесіўся каля царквы ў Кухельбадзе. І гэта было ягонае шчасьце, бо ён быў толькі просты калідорны і яго ніколі-б не зрабілі генэралам, нават каб у яго было пяць паралюшаў і ягоныя мазгі зрабіліся вадкімі, як піва… А ведаеце, пане кадэт, цяпер такая плойма гэтых хвароб, а салдаты, што сваёю дурною галавою ня могуць зразумець, якое шчасьце памерці за яго імпэратарскую вялікасьць, стараюцца атрымаць іх знарок. І от такі чалавек садзіцца ў вагон і ня крычыць: «Бывай здарова Прага, шчасьліва табе заставацна!», а абавязкова: «Да спатканьня праз тыдзень, у мяне нават білёт ёсьць на дарогу назад. Купіў яго ў «Напалеоне» за цэлых тры кроны».

— Зважай! — крыкнуў раптам Швэйк і выцягнуўся, як струна.

У дзьвярох зьявіліся капітан Загнэр і доктар Штэйн.

— Разьдзеньцеся, калі ласка, — зьвярнуўся доктар да кадэта, а пасьля пачаў яго вывучаць, паставіўшы яго ў сябе паміж каленаў, бо ён быў вельмі нізак на вочы. Швэйк з цікавасьцю сачыў за процэдураю доктарскага агляду.

— Глупства! — сказаў доктар. — Самае звычайнае затрыманьне мачы. Пане кадэт, вы напэўна выпілі залішне? Прышлеце да мяне чалавека і я дам вам парашкоў, а заўтра усё будзе ў парадку. Ну, бывайце, я сьпяшаюся.

І доктар разам з ротным командзірам пашоў далей.

— Дык дазвольце, я схаджу па парашкі, — запрапанаваў свае паслугі Швэйк. — А толькі мне вельмі шкода, што ў вас затрыманьне мачы, а ня сыфіліс, бо тады-б вы хутка атрымалі чын генэрала і пацешылі-б сваіх бацькоў. Справа ў тым, пане кадэт…

Больш яму нічога не давялося сказаць: кадэтаў бот трапіў яму проста ў твар і адскочыў ад яго носа, вымазаўшы ўсё швэйкава аблічча ваксаю. Кадэт стаяў пасярод пакою, нібыта ніколі ў жыцьці не хварэў, і крычаў, паказваючы пальцамі на дзьверы: