дваццаць год працую за доктара, а вы паслухайцеся свае суседкі і выкіньце мой дыплём у памыйніцу». От і гэты пан Рэгль, дазвольце, пане кадэт, паведаміць, таксама не паслухаў і ня лёг у больніцу, пакуль яго туды не адвезьлі, бо ў яго там запаленьне і бог ведае яшчэ што. З больніцы ён вышаў, як цень, а не чалавек, а пасьля напаў тубэркулёз, і яму давялося выразаць абодва яечкі. Спачатку яго таксама вельмі паліла… А такая хвароба, як у вас, глупства, і тут нічога кепскага ня можа здарыцца. Што, яшчэ ўсё паліць, пане кадэт, ці вам ужо стала лягчэй?
— Швэйк, калі вы мне ня можаце расказаць нічога больш вясёлага, дык ужо лепш маўчыце, — прастагнаў кадэт, прыгнечаны прыемнаю пэрспэктываю, што намаляваў яму ротны ордынарац.
А Швэйк папрасіў дазволу закурыць, набіў люльку і, з асалодаю зацягнуўшыся, дабрадушна казаў далей:
— Ведаеце, пане кадэт, замест трыпэру я пажадаў-бы вам лепш, дазвольце паведаміць, атрымаць сыфіліс. От вы, пане кадэт, можна сказаць ня вельмі дурны, і маглі-б з такою рэччу зрабіць сабе кар’еру. З сыфілісу бывае разьмякне мозак ці хопіць паралюш або іншае што… што звычайна бывае ў кожнага генэрала. Вы яшчэ малады, пане кадэт, дык хутка маглі-б зрабіцца генэралам, от рады былі-б вашы бацькі. Але калі-б вы хацелі дастаць паралюш, дык павінны былі-б вельмі сачыць за сабою. От у нас, на Вышаградзе, жыў адзін калідорны, дык той папаў сыфіліс ад аднае пакаёўкі. Але ён не хацеў нікому паказвацца з ім, баяўся дактароў горш, як агню і казаў, што бабкі, якія лечаць зёлкамі, больш разумеюцца на гэтай справе, як абодва мэдыцынскія факультэты, нямецкі і чэскі, разам. Але толькі, дазвольце паведаміць, у простым народзе сапраўды ёсьць шмат людзей, што разьбіраюцца ў хваробах і ведаюць шмат такіх хвароб, пра якія вучоныя паны дактары і ня чулі. Як я быў у Чорна-касьцялецкім лягеры, туды прыходзіла адна старая, Мэдржычка яе прозьвішча. Яна хадзіла ад барака да барака і прадавала піражкі і каву. Піражкі каштавалі чатыры гэлеры, а кава шэсьць. Цяпер гэтая старая ўжо, напэўна, памёрла, — няхай ёй лёгка будзе на тым сьвеце! —