Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мога падвяжу, уласнаручна! Вы мяне яшчэ ня ведаеце; я вам кажу, што вы мяне яшчэ ня ведаеце!

І ўзводны так нацягнуў вяроўку, што яна ўрэзалася Балуну ў цела.

— Ня так моцна! Ды плюнь ты на яго! — марматаў Швэйк. — Гэта-ж зусім ідыёт, нейкі дурны настаўнік, шпак!

Да падвязанага прыставілі вартаўніка, каб той сачыў, каб пакараны ня страціў прытомнасьці. А Балун, што ня так даўно быў аб’еўся, зьвярнуўся, ахоплены чыста чэшскім радыкалізмам, да Швэйка са словамі:

— Як будзе мір, я схаджу да гэтага Дуба і скажу яму: «Пацалуй мяне ззаду. Плюю я на цябе. У мяне ёсьць свой млын, а ты голы інтылігэнт, без капейкі ў кішэні!»

Набліжаўся ўжо вечар. Заходзіла сонца, абсыпаючы падвязанага Балуна крывавым зьзяньнем. Салдаты гналі ў вёску скаціну, што ўвесь дзень пасьвілася на сенажаці і ў лесе. Рыканьне кароў і сьвіст бізуноў прыгадалі Балуну яго родную хату, сытую сьвініну і смачны хатні хлеб. Сьлёзы ізноў набеглі яму на вочы. Ён зірнуў на сонца, што заходзіла там дзесьці, дзе стаяў ягоны млын, і страшэннае галашэньне вылецела з ягоных грудзей.

— Чаму, літасьцівы божа, ты не стварыў мяне бугаём? — з роспаччу шаптаў ён. — Прынамсі я ніколі ня ведаў-бы такога голаду! Колькі травы я зьеў-бы на тым полі, дзе нам давялося праходзіць.

Узводны прышоў толькі тады, як ўжо зусім зьмяркалася і адвязаў Балуна. Няшчасны напалоханы Балун разглядаў чырвоныя падцёкі на сваіх руках, паціраючы іх і хістаючыся як п’яны, а Швэйк пацяшаў яго:

— Не бярэце на такія глупства ўвагі. Тут кары нікуды не запісваюцца, ні ў якую кнігу. А толькі, браце, строгасьць да беднякоў мусіць быць і на вайсковай службе. А то да чаго-б мы дажыліся, каб людзям было ўсё дазволена? От мне, напрыклад, як я быў у аўстрыйскім палоне, давялося пабачыць вялікі вучастак нашага фронту, і ўсюды, скажу я табе, пануе вельмі вялікая строгасьць і дысцыпліна. У дэйчмэйстэраў сал-