Старонка:Svejk.4.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прымі ад мяне шчырае спачуваньне твайму гору — яе няма і ня будзе!

Заспаны паручык Лукаш з лаянкай прычапіў шаблю і выйшаў за Юрайдаю па сходах. Там, на дварэ, сядзеў на бервяне Балун, а перад ім стаяў з люлькаю ў зубах Швэйк.

— От бачыш, сьвіньня, — лаяў Балуна Швэйк, — да чаго давяла цябе твая нахабнасьць і твая прагавітасьць! Ты нават мог адважыцца зьесьці кілбасу паноў афіцэраў! Каб ты яшчэ аб’еў аднаго твайго пана паручыка, дык я-б ня дзівіўся, бо гэта добры хлопец! А цяпер… Няшчасны!.. Цябе-ж, дурня, цяпер расстраляюць. Езус-Марыя, а што калі кілбаса была кепска зварана і ў ёй былі трыхіны? У цябе-ж цяпер завядуцца рабакі ў жываце, бедалажны ты!

— Ша, балбатун! — крыкнуў паручык на Швэйка. — Маўчэце! Згнаю вас у карцары, калі яшчэ што скажаце!.. А ты, Балун, паганец, дзе дзеў кілбасу? Устаць, калі з табою гавораць!

Швэйк выцягнуў з рота люльку.

— Дык дазвольце паведаміць, пане паручык, што Балун нават і ўстаць ня можа, — сказаў ён. — Ён зусім скіс. Вы-ж падумайце: кілбаса важыла больш за два кілё. Ведаеце, у Нісьле таксама быў адзін домаўласьнік, дык таму даводзілася пасьля абеду прысоўваць да стала ложак, таму што ён так наядаўся, што ня мог ўжо сам дайсьці да яго… У людзей, пане паручык, дазвольце сказаць, розныя слабасьці здараюцца. От, напрыклад, у Іноніцы жыла адна краўчыха, што…

— Сьціхніце, Швэйк, а то я вас праткну на месцы, — праскрыгатаў праз зубы паручык. — Вам зусім няма чаго ўсоўваць нос у гэтую справу. Ну, уставай, прорва, бяздонная бочка! — накінуўся ён на Балуна. — А ты, Швэйк, — казаў далей паручык, пабачыўшы, што той усё стаіць выцягнуўшыся, — калі ты яшчэ скажаш слова, дык пакаштуеш вось гэтае штучкі.

І паручык выцягнуў шаблю і бліснуў ёю ў паветры.

— Я толькі хацеў сказаць, — шчасьліва ўсьміхнуўся Швэйк, — дазвольце паведаміць, пане паручык, што такая сьмерць была-б мне толькі жаданаю і прыемнаю. Кажуць, што сьмерць ад рукі