сяты, як яна поіць іх малаком. Гэта-ж робіцца на тое, каб хутчэй іх закалоць, каб мяса іх было больш мяккае, сакаўное, каб павялічылася іх жывая вага і каб, нарэшце, пад мясьніковым нажом аплаціліся ўсе «клопаты»…
Дуб, зусім п’яны, крыкнуў яшчэ:
— Ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя… Каб ня было Аўстра-Вэнгрыі, яе трэба было-б стварыць… Няхай жыве нябожчык Палацкі!
І з гэтымі словамі ён пакаціўся пад стол.
Капітан Загнэр вярнуўся назад. Сьледам за ім у пакой, як віхор, уляцеў разьлютаваны Юрайда, выцягнуўся і казырнуў, хоць на ім і ня было шапкі.
— Дазвольце паведаміць, пане капітан, што ён яе ўсю зьеў! — не сваім голасам зароў Юрайда. — Дальбог, я не вінаваты, пане капітан. Я вынес яе, каб яна астыла, а ён яе зьеў. Такая цудоўная была кілбаса! І важыла, прынамсі, два кілё. Эх, каб я ведаў, што яе спаткае такі лёс!..
— Паслухайце, кухар, гаварыце ясна, што здарылася? і чаго вы лезеце сюды? Няўжо цяпер пара зьяўляцца з паведамленьнямі? Чорт ведае што такое, вы ўжо прыходзіце да паноў афіцэраў, як у рэсторан, — напусьціўся капітан Загнэр на перапуджанага Юрайду.
— Дазволье паведаміць, пане капітан, — ізноў пачаў Юрайда. — Вы загадалі мне зрабіць браўншвэйгскую кілбасу, і я яе зрабіў. Пасьля я паставіў яе, каб выстыла, у склеп: падыспад дошку, наверх дошку ды зьверху два вялікія камяні, каб зьлежалася, бо гэтак трэба. А ордынарац Балун бачыў мяне, як я яе выносіў, улез у склеп і ўсё паеў, нават не пачакаў, каб астыла… Дазвольце паведаміць, пане капітан, што вы гэтае кілбасы больш ня можаце пакаштаваць, бо яе зьеў ордынарац паручыка Лукаша. От і ўсё. А я дальбог, невінаваты!
Капітан, што ўжо са слоў Лукаша ведаў пра Балуна, які той хваравіта пражорысты, раскатурхаў задрамаўшага паручыка, ледзь стрымліваючы сьмех:
— Гэй, паслухай, Лукаш, вазьміся ты за гэтую справу! Твой Балун зьеў нашу браўншвэйгскую кілбасу, памятаеш, як ты рад быў паласавацца ёю, з воцтам, з цыбулькаю? Дык от