Старонка:Svejk.4.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падпаручык Дуб, якому паганая гарэлка адразу кінулася ў галаву, пастукаў пальцам па стале і бяз дай-прычыны пачаў:

— Мы з панам начальнікам акруговае ўправы заўсёды гаварылі, што патрыётызм, вернасьць свайму абавязку і адданасьць зьяўляюцца самаю вялікаю зброяй у час вайны. І я асабліва прыгадваю пра гэта сёньня, калі наша слаўная армія ў хуткім часе пяройдзе праз мяжу ў варожую зямлю[1].

— Перайсьці межы вялікае дзяржавы — гэта ў кожным выпадку вельмі сур’ёзная опэрацыя, — пачуўся з-пад вакна голас кадэта Біглера. — За той час, як я ляжаў апошні раз у халерным бараку, я дакладна вывучаў карту вайны і выявіў, што супроць нас на тым сэктары, які мы, відаць, хутка захопім, знаходзіцца трыкутнік расійскіх цьвярдынь: Луцк, Дубна і Роўна. Нам давядзецца мець справу ня толькі з пяхотаю ў акопах і з васьмідзюймовымі і дванаццацідзюймовымі палявымі гарматамі, а нам трэба будзе штурмаваць цытадэлі і бэтонныя казэматы, і нас будуць абстрэльваць з цяжкіх фортавых гармат. А гэта ўжо нешта зусім іншае, чым палявая вайна. Апошняе слова належыць артылерыі. Наша артылерыя праб’е іхныя ўмацаваньні, і ў гэтыя прабітыя мясьціны мы рушым, як шаранча. І ўсё скончыцца жорсткаю, штыхавою бойкаю: Ура, гура, гура-а-а!

Кадэт Біглер быў ужо гатовым, і нічога на сьвеце не здавалася яму такім лёгкім, як штурм расійскіх фартоў. А падпаручык Дуб, у якога алькоголь таксама туманіў мазгі і акрыляў думкі, адказаў сур’ёзна і чула:

— Так справядліва. Але майце на ўвазе, што артылерыя толькі праб’е мясьціны, а самы штурм павядзе пяхота. Таму пяхота павінна быць адважнаю, гэройскаю, бясстрашнаю. Пяхотаю павінна кіраваць адна ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя. І гэтая ідэя — патрыётызм, любасьць да свайго імпэратара і інтарэсаў краіны. Наша армія, я ведаю, мае гэту ідэю, і кіруецца ёю і таму мы пераможам, бо вайну выграе толькі ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя. Тое-ж самае гаварыў яшчэ калісьці перад вайною і пан

  1. На гэтым скончыўся рукапіс Яраслава Гашэка, што памёр 3 студзеня 1923 году, на саракавым годзе жыцьця. Незакончаную ягоную працу давёў да канца сябра нябожчыка Карл Ванэк.