Спаміж агульнага крыку вызначаўся голас кадэта Біглера:
— Кожны салдат яшчэ ў мірны час павінен усьведамляць сабе, чаго патрабуе вайна, а на вайне не забываць таго, што яго наўчылі на пляцы.
Пасьля можна было пачуць, як злосна шыпіць падпаручык Дуб:
— Прашу зьвярнуць увагу, што мяне трэці раз абразілі.
Там, наверсе, чаўплося штосьці нядобрае.
Падпаручыка Дуба, што, як вядома, зьбіраўся нагаварыць батальённаму командзіру на кадэта Біглера, афіцэры адразу, як толькі ён зьявіўся, спаткалі вясёлымі крыкамі. Самагонка ўжо зрабіла свой уплыў на ўсіх. Таму адзін за адным, намякаючы на здольнасьць падпаручыка Дуба езьдзіць конна, усе пачалі крычаць:
— Што, без штальмэйстара ня выходзіць?
— А, от наш ашалелы мустанг!..
— Колькі часу ты пражыў сярод каўбояў на Далёкім Захадзе, таварыш?
— Глядзеце, панове, наш выдатны яздун ізноў да нас зьявіўся!
Капітан Загнэр хутка наліў яму поўну шклянку самагонкі і падпаручык Дуб, што ўправіўся ўжо абразіцца, прысунуў зламанае крэсла і сеў поруч з паручыкам Лукашом, што спаткаў яго прыветлівым словам:
— А мы, даражэнькі, усё ўжо зьелі!
Тым часам Рыцар Смутнага Выгляду ў форме кадэта Біглера абыходзіў увесь стол, каб строга паводле палажэньня зьявицца да ўсіх афіцэраў: капітану Загнэру са службовага абавязку, а да іншых, хоць усе яго ведалі і бачылі перад сабою, на ўсялякі выпадак, паўтараючы ўсё адну і тую-ж фразу:
— Кадэт Біглер мае гонар зьявіцца ў батальён.
Пасьля Біглер узяў поўную шклянку і ціха сеў каля вакна, чакаючы зручнага выпадку, каб выявіць свае глыбокія веды, якіх ён набраўся з падручнікаў.