Старонка:Svejk.4.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што служыў за вулана ў Пардубіцы і да гэтага часу яшчэ не забыўся чэскае мовы. Дык той пачаў са мною спрачацца, што ў Чэхіі кладуць у ліверную кілбасу не маёран, а рамонак. От я і ня ведаю, што мне цяпер рабіць, бо кожны разумны і не папярэджаны чалавек павінен вызнаць маёран за цара ўсіх прысмакаў, што кладуць у ліверную кілбасу. І раптам я ў аднэй хацінцы ўбачыў каля абразіка нейкага сьвятога міртавы шлюбны вянок. Гаспадары хаты толькі нядаўна пажаніліся і міртавы вяночак быў яшчэ даволі сьвежы… Дык я палажыў у кілбасу гэту самую мірту; давялося толькі тры разы абварыць варам гэты вянок, каб лісткі зрабіліся мяккімі і страцілі свой крыху едкі пах і смак. Зразумела, гэта каштавала нямала сьлёз, як я рэквізаваў гэты вянок на кілбасу. Маладыя лаялі мяне і казалі, што за такое блюзьнерства, вянок, як выявілася, быў высьвенчан! — мяне заб’е першая куля. І от вы елі мой крупнік з вантробкамі і ніхто з вас не падумаў, што ён пахне не маёранам, а міртаю.

— У Кралёвым Градцы, — загаварыў Швэйк, — жыў гадоў колькі назад адзін кілбасьнік, Язэп Лінэк, і ў яго на паліцы заўсёды стаялі дзьве скрыначкі. У аднэй былі ўсе прысмакі, што ён клаў у ліверную і крывяную кілбасу. У другой ён хаваў пэрсыдзкі парашок ад казюрак, бо гэты кілбасьнік разоў колькі констатаваў, што яго кліенты здабывалі з кілбасы то блашчыцу, то таракана. А ён увесь час на гэта казаў: «Што датычыць да блашчыц, то яны смакам падобны да горкага мігдалу, што кладзецца ў пірожнае, але тараканы ў кілбасе сьмярдзяць, як старая зацьвіўшая біблія». Таму ён стараўся захоўваць у сваёй майстэрні чыстату і ўсюды сыпаў гэты пэрсыдзкі парашок, і бух! усё ў кілбасу. Але з таго часу ў Кралёвым Градцы пачалі браць ліверную толькі ў Лінэка. Людзі за яе проста гатовы былі біцца. А ён быў здагадлівы і зразумеў, што гэта дапамог пэрсыдзкі парашок і стаў выпісваць яго ад тае фірмы, што яго вырабляе, цэлымі пудамі, але толькі патрабаваў, каб на скрынках было напісана: «Індыйскія прысмакі». Гэта