Старонка:Svejk.4.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кадэт Біглер, — ласкава прамовіў падпаручык Дуб, на злом галавы выскачыўшы з аўтомобіля ў роў, — ці ня хочаце скарыстаць з выпадку?

— Дзякую вам, — адказаў той, — я не хацеў-бы затрымліваць машыну.

І кадэт Біглер, якому таксама нельга было ўжо стрымацца, сказаў сабе ў думках, што хутчэй згодзіцца захварэць на мядзьведжую хваробу, як прапусьціць такі выпадак, каб зрабіць брыдка падпаручыку.

Не даяжджаючы Золтанца, падпаручык Дуб яшчэ два разы загадаў спыніцца і пасьля другога выпадку сур’ёзна заўважыў Біглеру:

— Гэта ўсё гэтая праклятая сьвініна пад польскаю поліўкаю, што мне далі на абед. З батальёну я пашлю тэлеграфна скаргу ў штаб брыгады. Тухлая, кіслая капуста і гнілая сьвініна. Нахабнасьць гэтых кухараў пераходзіць усялякія межы. І хто мяне яшчэ ня ведае, таму дазядзецца ўведаць мяне бліжэй.

— Фэльдмаршал Носьціц-Рынэк, гонар нашае ландвэрнае кавалерыі, — адгукнуўся кадэт Біглер, — выдаў невялічкую кніжыцу пад назваю: «Што шкодзіць жывату на вайне?», дзе ён рэкомэндуе ўстрымліванна і ня ўжываць сьвініну ў часе цяжкіх пераходаў і наогул паходнага жыцьця. Наогул, празьмерна есьці ў паходзе вельмі шкодна.

Падпаручык Дуб не адказаў, а толькі падумаў пра сябе: «Пачакай, браце, мы з цябе выб’ем тваю навуку!» Але пачакаўшы ён усё-ж такі адказаў Біглеру страшэнна недарэчным пытаньнем:

— Дык, значыць, вы думаеце, кадэт Біглер, што афіцэр, у дачыненьні да якога вы зьяўляецеся малодшым чынам, празьмерна можа есьці? Ці ня хочаце ўжо вы сказаць проста, кадэт Біглер, што я аб’еўся? Дзякую вам за такую шчырасьць. Будзе ўпэўнены, што я з вамі разьлічуся. Вы мяне яшчэ ня ведаеце, але калі вы мяне ўведаеце, дык да сьмерці будзеце памятаць падпаручыка Дуба.