Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— От бачыце, што гэта ня дурніцы, кадэт Біглер, — з гораччу адказаў падпаручык Дуб. — На маю думку, вам трэба было зараз-жа, як вы прыехалі ў штаб брыгады, даведацца ў канцылярыі, ці няма там выпадкова афіцэраў з вашага батальёну. Пра вашы паводзіны мы будзем мець нараду ў батальёне. Я еду туды на аўтомобілі, і вы паедзеце разам са мною… Ня можа быць ніякіх адгаворак.

Кадэт Біглер хацеў запротэставаць, што ў канцылярыі брыгады яму далі літэр на праезд чыгункаю і што гэтакі спосаб пераезду з прычыны яго хваробы здаецца яму больш адпаведным, бо кожнаму дзіцяці вядома, што аўтомобілі не прыстасаваны да гэтакіх выпадкаў. Не пасьпееш праехаць сотні паўтары кілёмэтраў, як ўжо будзе поўна ў портках.

Чорт яго ведае, як гэта здарылася, што язда на аўтомобілі перш не зрабіла на Біглера ніякага ўплыву. Падпаручык Дуб аж вар’яцеў з роспачы, што яго плян помсты ня ўдаўся, бо ад’яжджаючы ён думаў: «Пачакай, кадэт Біглер! Калі схопіць цябе ке чакай, што я спыню машыну!»

І таму ён пачаў гутарку, колькі гэта было магчыма ў такую хуткую язду, вельмі прыемную гутарку пра тое, што вайсковыя аўтомобілі, маршрут якіх дакладна разьлічан, павінны экономіць бэнзын і таму ня могуць прыпыняцца.

На гэта кадэт Біглер рэзонна адказаў, што калі аўтомобіль дзе-небудзь стаіць і чакае, ён наогул ня траціць бэнзыну, бо шофэр выключае мотор.

— Але, калі машына, — холадна казаў далей падпаручык Дуб, — павінна прыехаць на месца ў прызначаны час, яна нідзе ня можа спыняцца.

На гэта кадэт Біглер нічога не адказаў.

Так яны праехалі з паўгадзіны, як раптам падпаручык Дуб адчуў, што ў яго штосьці ня добрае з жыватом і што было-б карысна спыніць машыну, выйсьці і пасядзець у рове пры гасьцінцы.

Ён трымаўся, як гэрой, яшчэ кілёмэтраў колькі; але пасьля пацягнуў шофэра за шынэль і крыкнуў яму ў вуха:

— Спыніся, спыніся!