Падпаручыку Дубу, як мінула яшчэ пяць хвілін, стала зусім ясна, што яму больш няма чаго рабіць за гэтымі дзьвярым і што патрэба зайсьці ў прыбіральню нейкім чынам сама мінула. Аднак ён прынцыпова далей вартаваў каля дзьвярэй, стукаючы ў іх час ад часу нагою, заўсёды чуючы адзін адказ:
— Праз хвіліначку я выйду, пане падпаручык!
Нарэшце Біглер спусьціў ваду і хутка абодва сталі адзін перад адным.
— Кадэт Біглер, — узьняў голас падпаручык Дуб, — ня думайце, што я быў тут з тае самае прычыны, што і вы. Я прышоў таму, што вы, прыехаўшы ў штаб, не зьявіліся да мяне. Няўжо вы не знаёмы з статутам? Вы ведаеце, каму вы аддалі перавагу?!
Кадэт Біглер пачаў калупацца ў сваёй памяці, ці не зрабіў ён і сапраўды чаго-небудзь такога, што магло парушыць дысцыпліну і правілы дачыненьняў малодшых афідэраў са старэйшымі.
У ягонай сьвядомасьці зьзялі ў гэтым сэнсе вялікія правалы і прадоньні, бо ў школе ніхто іх ня вучыў, як у такім выпадку павінен трымацца малодшы афіцэр у дачыненьні да старшага. Магчыма, яму трэба было перарваць сваю справу ў патрэбнай каморцы, ды кінуцца ў дзьверы і, прытрымліваючы аднэю рукою штаны, другой адказыраць?..
— Ну? Адказвайце-ж, пане кадэт Біглер! — крыкнуў запальчыва падпаручык.
І тады кадэту Біглеру ўзьбег на думку зусім просты адказ, што ўсё вытлумачыў.
— Пане падпаручык, — прамовіў ён, — як я прыехаў у штаб брыгады, я не верыў, што вы тут, і таму, як толькі я выканаў усе неабходныя формальнасьці ў канцылярыі, я зараз-жа пайшоў у патрэбную каморку, дзе і застаўся, пакуль вы ня прышлі сюды.
І офіцыйным тонам дадаў:
— Кадэт Біглер мае гонар зьявіцца да пана падпаручыка Дуба.