добры кавалак мяса, пасьля лыч, пасьля сэрца, вуха і кавалак пячонкі, пасьля ныркі, касу і кавалак кумпяка, пасьля язык, а пасьля… І ціхім голасам, нібыта баючы нейкую байку, Балун дадаў: — А пасьля на стале зьяўлялася ліверная кілбаса, так з шэсьць ці дзесяць кольцаў, і пузатая крывяная кілбаса з бульбаю і сухарамі, так што нават і ня ведаеш, за што перш сесьці. Усё гэта так і тоне на языку, так і пахне, а чалавек есьць, ды есьць… І цяпер я думаю, што куля нада мной зьлітуецца, але голад мяне загубіць, я ніколі ў жыцьці не пабачу больш такіх патраў з кілбасамі, як дома. Квашаніну я ня надта любіў, бо яна так і трасецца і з яе малы наедак. Затое мая жонка дала-б сябе расьсекчы за кавалак квашаніны. А яне пакідаў ёй у квашаніне нават кавалачка сьвінога вуха, бо зьядаў усё сам, калі мне падабалася што… Так, ня ўмеў я цаніць яе, гэта значыць, добрую ежу і выгоднае жыцьцё, а цесьця я нават неяк ашукаў з аднэю сьвіньнёй: сам закалоў сьвіньню і зьеў, а бедненькаму цесьцю ні кавалачка не паслаў. Вось ён мне і напрарахаваў, што я калі-небудзь здохну з голаду.
— І ягонае прароцтва пачынае зьдзяйсьняцца, — з пафосам крыкнуў Швэйк.
У Юрайды раптоўны прыступ жалю да Балуна ўжо прайшоў. Балун штосьці вельмі хутка павярнуўся да пліткі, выцягнуў з кішэні кавалак хлеба і хацеў памачаць яго ў подліўку, што шыпела на вялікай патэльні навокала сакоўнае пражанае сьвініны.
Юрайда неспадзявана выцяў Балуна па руцэ і хлеб паляцеў у подліўку накшталт спрактыкаванага плывакі, што кідаецца з высокага трампліна ў глыбокую ваду.
Ня даўшы няшчаснаму Балуну магчымасьці вылавіць гэты смачны кавалак з подліўкі, Юрайда схапіў Балуна аберуч і выпхнуў яго за дзьверы.
Зьдзіўлены Балун пабачыў праз шыбу ў вакне, як Юрайда дастаў відэльцам падрумянены ў подліўцы кавалак хлеба, адрэзаў кавалак мяса, палажыў яго на хлеб і даў Швэйку са словамі:
— Ежце, калі ласка, мой далікатны сябра.