Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, я гэта ведаю, — адказаў Швэйк, — мне давядзецца пагана, калі ўжо чалавек на вайсковай службе, дык ён павінен ведаць…

— Вон! — зароў капітан Загнэр.

Швэйк у той-жа момант зьнік з пакою і пайшоў на кухню. Балун пасьпеў ужо вярнуцца туды і прасіўся, каб яму дазволілі падаваць за афіцэрскім сталом.

Швэйк якраз падышоў на пачатак полемікі паміж Юрайдаю і Балуном. Юрайда ўжываў пры гэтым нейкія зусім незразумелыя выразы.

— Ты-ж — апошняя прорва, — казаў ён Балуну, — і ты пёр-бы ў сябе, пакуль-бы цябе не разарвала. А каб я дазволіў табе занесьці наверх кілбасы, ты-б за іх на ўсходах прадаў сваю душу чорту.

Кухня мела цяпер зусім іншы выгляд. Каптэнармусы з усіх рот жывіліся паводле чыну і выпрацаванага Юрайдам сьпіску. Пісары, тэлефоністы і яшчэ нейкія асобы прагавіта сёрбалі з іржавае місы, у якой мыліся афіцэры, разьведзены гарачай вадою крупнік, каб таксама што-небудзь уварваць.

— На-здар! — крыкнуў каптэнармус Ванэк Швэйку, абгрызаючы костку. — Адно тут быў Марэк і паведаміў, што вы ізноў зьявіліся і што ў вас новенькая форма. Дык от праз вас я ўляпаюся ў добрую гісторыю. Марэк напужаў мяне, што нам цяпер ніяк нельга зрабіць справаздачы перад брыгадаю ў вашым абмундыраваньні. Ваша-ж адзеньне знайшлі на беразе возера і пра гэта мы паведамілі праз батальённую канцылярыю брыгады. У мяне вы памечаны, што «ўтапіліся ў часе купаньня», дык вам наогул ня было чаго вяртацца і рабіць нам лішні клопат з вашымі двума комплектамі адзеньня. Вы, напэўна, не ўяўляеце сабе, якую вы заварылі кашу? Мейце на ўвазе, што кожная рэч з вашага адзеньня на ўліку. Кожная рэч запісана ў ведамасьць на прыход. І от цяпер у роце зьявіўся лішні комплект. Пра гэта мне ўжо давялося пісаць рапорт командзіру батальёну. А з брыгады атрымана паперка, што вам выдалі там новы комплект. Такім чынам, батальёну трэба падаваць цяпер рапорт з прычыны аднаго лішняга комплекту, што… Адным