дзе з ім здарылася гэтае няшчасьце, расла трава; а калі ён пасьля пачаў пералічаць татарскія прозьвішчы, з якімі ён пазнаёміўся ў часе свайго о прымусовага падарожжа, паручык Лукаш ня мог устрымацца, каб не заўважыць:
— Так і сьвярбіць рука, каб даць вам у рыла, паганец! Ну, далей коратка, але ясна.
І Швэйк усё апавядаў з уласьціваю яму пасьлядоўнасьцю і дакладнасьцю; калі ён дайшоў да гісторыі з вайскова-палявым судом, генэралам і маёрам, ён не забыўся адзначыць, што генэрал быў касавокі на адно вока, у маёра вочы былі блакітныя.
— А на галаве вялікая лысіна, — дадаў ён.
Капітан Цымэрман, командзір 12-ае роты, кінуў у Швэйка чаркаю, з якой ён піў моцную самагонку яўрэя.
Аднак, гэта не зьбянтэжыла Швэйка, і ён расказаў, як была справа з духоваю ўцехаю і як маёр да раніцы праспаў у яго абдымках. Пасьля ён бліскуча бараніў брыгаду, куды яго паслалі, калі батальён запатрабаваў, каб яго выдалі, як салдата, што невядома дзе падзеўся. І калі, нарэшце ён падаў капітану Загнэру свае дакуманты, з якіх было відаць, што вышэйшыя інстанцыі апраўдалі яго і зьнялі з яго ўсякі паклёп і падазрэньне, ён заўважыў:
— Дык дазвольце яшчэ дадаць, што пан падпаручык Дуб знаходзіцца з сваімі парушанымі мазгамі ў брыгадзе і шле ўсім прывітаньне. Прашу выдаць належную мне суму грошай і тытуну.
Капітан Загнэр і паручык Лукаш зьдзіўлена пераглянуліся: але ў гэты момант адчыніліся дзьверы і ў вялікім чыгуне ўнесьлі гарачую патраву.
Гэта было пачаткам банкету.
— Такое ўжо ваша шчасьце, — сказаў капітан Загнэр Швэйку, прышоўшы ў добры настрой ад думкі, што яго чакае добрая ежа. — Вас выратаваў толькі гэты банкет.
— Швэйк, — дадаў паручык Лукаш, — калі з вамі яшчэ здарыцца што-небудзь падобнае, дык вам не давядзецца больш насіць галавы на плячох!