Старонка:Svejk.4.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заўсёды гаварыць ясна і зразумела, без дагадак. У «Брэйшку» год колькі перад гэтым быў адзін Купар, у якога быў звычай, калі ён злаваўся, ня прыходзіць нанач дахаты, а туляцца па начных кафэ і піць з незнаёмымі людзьмі, гаворачы: «Мы на вас, а вы на нас…». За гэта ён неяк раз ад аднаго пана з Іглавы такатрымаў па мордзе, што гаспадар кавярні, калі на другі дзень вымятаў ягоныя зубы, паклікаў сваю дачку, што вучылася ўжо ў пятай клясе народнае школы і спытаўся яе, колькі зубоў у роце дарослага чалавека. А таму што яна ня ведала, дык ён выбіў ёй два зубы, а на трэці дзень атрымаў ад Купара ліст, у якім той прасіў выбачэньня за ўсе няпрыемнасьці і тлумачыў, што ён не хацеў сказаць нічога няпрыстойнага, што яго ня так зразумелі, бо трэба было сказаць: «Мы на вас, а вы на нас ня будзем злавацца». Значыць, хто гаворыць двусэнсіцу, перш павінен добра падумаць. Калі шчыры чалавек будзе гаварыць усё, што пападзецца яму на язык, дык яго, вядома, не заўсёды-ж будуць біць па мордзе. Але калі гэткая няпрыемнасьць з ім здарыцца раз, другі, трэці, дык ён будзе сьцерагчыся і больш маўчаць. Бо і праўда, пра гэтага чалавека кожны думае, што ў яго ня ўсе клёпкі ў галаве, а таму яго і б’юць. Але тут ужо ён мусіць зразумець, што ён адзін, а іх шмат, якія лічаць сябе пакрыўджанымі; таму, каб ён захацеў з усімі біцца, дык яму паадбівалі-б бакі. Такому чалавеку даводзіцца быць ціхім і цярплівым. От у Нусьлі жыў нейкі Гаўбэн і от гэтага пана Гаўбэна, калі ён неяк у нядзелю вяртаўся з экскурсіі дамоў, папаролі нажом. Так з нажом у плячох ён і зьявіўся дахаты; а калі ягоная жонка скінула з яго паліто, яна асьцярожна выцягнула нож з плеч і ўжо рэзала на абед ім мяса на гулеш, бо нож быў золінгенскай сталі і добра наточаны, а ў іх былі ўсё толькі тупыя нажы. Пасьля ёй захацелася мець цэлы тузін такіх нажоў, яна стала пасылаць свайго мужа кожную нядзельку за горад, але той быў такі спакойны чалавек, што нікуды не хадзіў далей піўное «Банзэт» на Нусьлях. Гэта таму, што ён добра ведаў, што гаспадар яе вывядзе яго за дзьверы раней, чым хто-небудзь яго зачэпіць.

— А ты зусім не зьмяніўся, — сказаў Марэк.