Старонка:Svejk.4.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так, як вялікі сабака, што вязе калясачку з малаком, і міма яго праходзіць хлопчык з кілбаснае з цэлым падносам сьвежавэнджаных кілбас на галаве. З кучы зьвесілася гірлянда сасісак і целяпаецца за плячыма ў хлопца. Трэба толькі падскочыць і схапіць іх!.. Ды от не дазваляюць наморднікі і праклятая вупраж; праз яе нельга вольна рухацца няшчаснаму сабаку.

Ліверныя кілбасы перажывалі яшчэ толькі першыя моманты свайго нараджэньня ў форме лівернага эмбрыёна, гэта значыць фарша, што грудаю ляжаў на гладкай дошцы і пахнуў перцам, салам і печаньню.

Юрайда, закасаўшы рукавы, адбываў як-бы імшу і з такім сур’ёзным выглядам, што мог-бы быць модэльлю фігуры бога-айца, што стварыў з хаосу нашу зямлю.

Балун ня мог больш стрымацца і голасна заплакаў. Пасьля яго плач перайшоў у няспыннае галашэньне.

— Чаго гэта ты разьліваешся рэчкаю? — спытаўся ў яго Юрайда.

— Ах, я так яскрава прыгадаў сабе родны дом, — ня спыняючы плачу адказаў Балун, — які ўдзел я браў у такой справе, і як нічога не хацеў даць свайму блізкаму, а ўсё толькі хацеў зжэрці сам, і сапраўды ўсё я зьядаў. Аднаго разу я так наеўся, што ўсе вырашылі, што я абавязкова лопну і сталі ганяць мяне на дварэ на вяроўцы, як ганяюць каровы, калі іх абабэніць ад сьвежае канюшыны. Пане Юрайда, дазвольце мне папрабаваць фаршу. Няхай мяне хоць да слупа прывяжуць, а цяпер я ня маю ўжо магчымасьці больш цярпець.

Балун падняўся з зэдля і, хістаючыся, як п’яны, падышоў да стала і выцягнуў лапу да кілбаснага фаршу.

Пачалася жорсткая заядлая барацьба. Ледзь удалося стрымаць яго ад замаху на кілбасу. Але, калі яго выводзілі з кухні, ніхто не дагледзіў, як ён схапіў з гаршка кішкі на кілбасы.

Юрайда так знэрваваўся, што кінуў ўсьлед за ім трыбухі, крыкнуўшы не сваім голасам:

— На, жары, падла!..

У гэты момант афіцэры батальёну былі ўжо ўсе сабраўшыся і чакалі таго, што пяклося ім на кухні, ды падмацоўвалі сябе,