Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён адчыніў дзьверы ў суседні пакой і паклікаў:

— Ганс Лефлер!

Хтосьці адклікнуўся: «Я!» і ў пакой увайшоў валяваты салдат, хлапец са Штыріі, з плаксівым выразам крэтына на твары. Ён рабіў на этапным пункце ўсю чорную работу.

— Ганс Лефлер, — загадаў яму фэльдфэбэль, — вазьмі вунь там маю люльку, сунь яе сабе ў зубы, як сабака носіць у зубах ношку, і бегай на чатырох навакола стала, пакуль я не скажу: «стой!» Ды яшчэ ты павінен брахаць, але так, каб люлька ня вывалілася з рота, а ня то я загадаю прывязаць цябе да слупа.

Валяваты штырыец стаў ракам і пачаў брахаць.

Фэльдфэбэль пераможна зірнуў на Швэйка.

— Ну, а што я табе казаў, жыдок, пра нашу дысцыпліну? — і фэльдфэбэль задаволена абярнуўся да нямое салдацкае фізіяноміі з нейкае там пастуховае хаткі і загадаў: Стой! А пяпер служы на задніх лапках і давай сюды люльку… Так. А цяпер пакажы, як у вас там у горах сьпяваюць.

І ў пакоі пачуўся дзікі роў: «Холдрыо-хо-хо, холарыо!»

Як гэты цырк скончыўся, фэльдфэбэль выцягнуў з шуфляды пісьмовага стала чатыры папяросы і вялікадушна падараваў іх штырыйцу, а пасьля, сымяючыся, сказаў Швэйку:

— Іду на заклад, што ў вашай арміі дысцыпліна не такая суровая, як у нас. Аднак бліжэй да справы. Я даручаю гэтую партыю палонных табе. Да вечара ты мне перапішаш усе прозьвішчы. Атрымаеш на ўсіх пайкі, разаб’еш партыю на групы па дзесяць чалвек і адкажаш мне галавою, калі хто ўцячэ. Так і ведай, жыдоўская морда, што калі з іх хоць адзін хто ўцячэ, дык мы цябе расстраляем.

— Я хацеў-бы пагаварыць з вамі, пане фэльдфабэль, — сказаў Швэйк.

— Толькі не таргуйся, — прамовіў фэльдфэбэль. — Я гэтага ня люблю і адразу пашлю цябе ў лягер. А ты ў нас, у Аўстрыі, вельмі хутка абжыўся… Бач яго, хоча са мной гаварыць сам-на- сам!.. От усякі раз так: чым да вашага брата палоннага лепш ставішся, тым яно выходзіць горай… Ну, хутчэй, зьбірайся. От, табе пяро і папера. Пішы сьпіс… Чаго табе яшчэ?