Старонка:Svejk.4.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рускае мовы на ломанай славацкай мове, якую ён калісьці вывучыў, як быў у Славаччыне прадстаўніком аднае венскае фірмы, што гандлявала абразкамі сьвятога Сьцяпана, келіхамі і ружанцамі.

Дзіўныя постаці, з кім ён, наогул, ня мог гаварыць, вельмі яго здэтанавалі. Ён вышаў наперад і крыкнуў:

— Хто ўмее гаварыць па-нямецку?

З групы палонных выскачыў Швейк і з вялікай радасьцю ў абліччы кінуўся да фэльдфэбэля, што загадаў яму, каб зараза-жа ён ішоў у канцылярыю.

Фэльдфэбэль сеў за стол, завалены паперамі, цалаю гарою блянак, дзе адзначалася прозьвішча, паходжаньне і часьць, да якой належыць палонны, і ў яго з Швэйкам пачалася забаўная гутарка.

— Ты… яўрэй, га? — спытаўся ён у Швэйка.

Швэйк адмоўна пакруціў галавою.

— Няма чаго табе таіцца, — упэўнена казаў фэльдфэбэль. — Кожны з вас, палонных, хто разумее па-нямецку, — яўрэй, і гаварыць няма чаго. Як цябе завуць? Швэйк? Ну, от бачыш, а ты яшчэ спрачаешся, калі ў цябе прозьвішча самае выразнае яўрэйскае. Ну, ды ў нас, браце, табе няма чаго хавацца, што ты яўрэй. У нас, у Аўстрыі, яўрэйскіх пагромаў ня робяць. Адкуль сам? Ага, з Прагі. Ведаю, ведаю. Гэта пад Варшаваю. Тыдзень перад гэтым у мяне тут таксама было два яўрэі, з Прагі з-пад Варшавы. А з якога палка? Нумар які? 91-ы?

Фэльдфэбэль дастаў даведнік і пачаў яго перагортваць.

— От. 91-ы Эрыванскі пяхотны полк. Сталы кадр. Прыпынак у Тыфлісе. Бачыш, што мы тут ведаем?!

Швэйк сапраўды зьдзіўлена пазіраў на яго, і фэльдфэбэль, падаўшы яму акурак папяросы, надзвычай сур’ёзна казаў далей:

— Гэта, браце, іншы тытун, не такі, як ваша махорка!.. — Я тут — цар і бог, разумееш, жыдок? Што-б я ні сказаў, усе павінны дрыжаць ад страху. У нас, браце, у арміі іншая дысцыпліна, ня гэткая, як у вас. Ваш цар — сукін сын, а наш цар — сьветлая галава. Хочаш, я пакажу табе адну штуку, каб ты ведаў, якая ў нас тут дысцыпліна?