Старонка:Svejk.4.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дазвольце, пане фэльдфэбэль, дазвольце паведаміць…

— Ідзі, ідзі! Бачыш, колькі ў мяне працы.

Твар фэльдфэбэля прыняў выраз чалавека надта змучанага работаю. Швэйк казырнуў яму і пашоў да палонных, пацяшаючы сябе думкаю, што цярпеньне прынясе ў свой час добрыя вынікі на славу яго імпэратарскае вялікасьці, каханага монарха.

Цяжэй было злажыць сьпісы, бо палонныя ніяк не маглі зразумець, што ім трэба называць сваё прозьвішча. Швэйк шмат чаго бачыў на сваім вяку, але гэтыя татарскія, грузінскія, мардоўскія прозьвішчы ніяк ня лезьлі яму ў галаву.

«Дапраўды-ж мне ніхто не паверыць, — думаў Швэйк, — каб чалавека звалі вось так, як гэтых татараў. — Мухлахалеем Абдурахманавым, Бэймуратам Алахаліевым, Джэрэджэй Чэрдзеджаю ці Дарлатбалеем Неўгдагалеевым. Не, тады мы маем больш прыгожыя прозьвішчы, от, напрыклад, ксяндза ў Жыдагоўшце завуць Вобэйдам».

І ён абыходзіў рады палонных, што адзін за другім выкрыквалі: — Джындралей Гіменаліеў! — Бабамулей Мірзоеў! — і г. д.

— Глядзі, не праглыні языка, — з дабрадушнаю ўсьмешкаю гаварыў Швэйк. — Ну, няўжо ня лепш, калі ў нас людзі завуцца Багуславам Шчэпанэкам, Яраславам Матоўшэкам або Ружэнаю Свабадоваю.

Калі Швэйк нарэшце, пасьля вялікіх цяжкасьцяй, перапісаў усе гэтыя барбарскія прозьвішчы, ён надумаўся яшчэ раз спрабаваць вытлумачыць фэльдфэбэлю, што ён зрабіўся ахвяраю фатальнага непаразуменьня. Аднак, як гэта ня раз ужо здавалася, на шляху, што прывёў яго ў становішча палоннага, ён і цяпер дарэмна шукаў справядлівасьці.

Фэльдфэбэль — перакладчык, што і тады ня быў зусім цьвярозы, тымчасам зусім страціў цяпер прытомнасьць.

Трымаючы перад сабою старонку з абвесткамі якоесьці нямецкае газэты, ён сьпяваў на матыў марша Радэцкага: «Мяняю на дзіцячую калысачку… Купляю тоўчанае шкло, белае і бутэльковае… Курсы бухгальтароў і рахункаводаў паводле новае завочнае сыстэмы» і г. д.