Старонка:Svejk.4.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Са мною ты можаш гаварыць па-чэску, — сказаў палкоўнік, — бо я таксама чэх. Твой батальён стаіць тут блізка ў вёсцы Клімантова, за чыгункаю, а ў горад вашым хадзіць ня можна, бо салдаты вашае маршавае роты адразу-ж, як прыехалі сюды, пачалі бойку з сялянамі.

Такім чынам Швэйк пайшоў шукаць вёску Клімантова.

Палкоўнік паклікаў яго назад, палез ў кішэню, даў Швэйку пяць крон, каб той мог купіць сабе тытуну, яшчэ раз ласкава разьвітаўся з ім і, адыходзячыся, падумаў: «Які сымпатычны салдат».

Швэйк бадзёра закрочыў у паказаную яму вёску, разважаючы пра палкоўніка. Разам з гэтым ён прыгадаў, што дванаццаць год назад у Трыенце таксама быў адзін палкоўнік, якога звалі Габэрмэер і які быў таксама ветлы з салдатамі, а пасьля выявілася, што палкоўнік гомосэксуаліст, бо ён хацеў згвалціць, купаючыся ў Аддзе, аднаго кандыдата на першы афіцэрскі чын і пагражаў яму, калі ён будзе працівіцца, палажэньнем гарнізоннае службы.

От з такімі пахмурымі думкамі Швэйк паволі дайшоў да зусім блізкае вёскі, там яму зусім было ўжо няцяжка адшукаць штаб батальёну, бо хоць вёска была і доўгая, але ў ёй быў адзін лепшы будынак — будынак народнае школы, што ў гэтым чыста русінскім краі была выбудавана на сродкі краёвага ўраду з мэтаю больш пасьпяховае полёнізацыі жыхароў.

Школа гэта шмат бачыла за час вайны. Разоў колькі ў ёй кватаравалі то расійскі, то аўстрыйскі штабы, а аднаго разу ў часе вялікіх боек, што вырашалі лёс гораду Львову, гімнастычная заля была ператворана ў опэрацыйны пакой, тут рэзалі рукі і ногі і рапаравалі пабітыя чарапы.

Па-за школаю была вялікая яма, што ўзьнікла ад разрыву цяжкога знараду. У садзе стаяла разьвесістае грушавае дрэва: на тоўстым суку яго зьвісаў абрывак вяроўкі, на якой нядаўна павесілі мясцовага праваслаўнага папа, паводле даносу мясцовага настаўніка-паляка. Гэты настаўнік данёс, што поп быў членам вялікарускае організацыі і ў часе расійскае акупацыі служыў у царкве малебен пра атрыманьне перамогі войскам права-