Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, пане падпаручык, — з годнасьцю адказаў Швэйк.

— От бачыце, пане палкоўнік! Чулі? — казаў далей падпаручык Дуб па-нямецку. — Вы ня можаце яго ні пра што запытацца. З ім наогул нельга гаварыць. Ну, дык пачакай. Круці ні круці, а трэба памерці. Давядзецца яго пакараць так, каб быў іншым прыклад. Дазвольце, пане палкоўнік…

Падпаручык Дуб заглыбіўся ў дакумант пярэмышльскага маёра і пасьля, дачытаўшы яго да канца, з трыумфам крыкнуў Швэйку:

— Ну, браце, цяпер табе канец! Кажы дзе дзеў вайсковую амуніцыю.

— Я пакінуў яе на дамбе, на беразе возера, калі прабаваў, як павінен адчуваць сябе расійскі салдат у гэтых лахманох. Уся гэта справа, дазвольце паведаміць, адно непаразуменьне.

І от Швэйк пачаў апавядаць падпаручыку Дубу ўсё, што давялося яму перацярпець праз гэта непаразуменьне; а калі ён скончыў, падпаручык Дуб закрычаў на яго:

— От калі ты пазнаеш мяне! Дык ты разумееш, што значыць згубіць на вайне ўсю сваю амуніцыю?

— Так, пане падпаручык, — адказаў Швэйк, — я разумею, калі салдат згубіў амуніцыю, яму павінны выдаць новую.

— Езус-Марыя! — са злосьцю закрычаў падпаручык Дуб. — Зараза ты, жывёліна, ты ў мяне даскачашся да таго, што будзеш служыць яшчэ сто год пасьля вайны.

Палкоўнік Гэбріх, што да гэтага часу сядзеў спакойна і выхавана за сваім сталом, раптам страшэнна перакрывіў свой твар, бо ягоны палец неспадзявана ператварыўся з ціхага ягняці ў прагнага да крыві тыгра, у электрычны ток на 600 вольт, у шматтонны паравы молат. Палкоўнік Гэрбіх толькі махнуў рукою і зароў, як чалавек, якога падпякаюць на распаленай пліце:

— Ідзеце ўсе прэч! Дайце мне рэвольвэр!

Гэтае ўсё ўжо ведалі і таму без галавы кінуліся з пакою разам са Швэйкам, якога канвой таксама выцягнуў у калідор. Застаўся толькі падпаручык Дуб, з мэтаю скарыстаць гэтую,