у пальцы сьціхаў, канцылярыя была паўнютка людзей і палкоўнік весела хадзіў і расказваў няпрыстойныя анекдоты. Гэта відавочна яму рабіла прыемнасьць, а слухачы мелі зручны выпадак парагатаць з старога анэкдоту, што, магчыма, быў ужо ў звароце яшчэ пры генэрале Лаўдоне.
Служыць з палкоўнікам Гэрбіхам тады было аднэй прыемнасьцю; кожны рабіў што яму заманецца і ўжо ставілася за правіла, што ў кожным штабе, дзе зьяўляўся палкоўнік Гэбріх, расьцягвалі маемасьць, кралі і рабілі розныя іншыя недазволеныя рэчы.
От і цяпер разам са Швэйкам у палкоўнікаву канцылярыю зьявіліся розныя вайсковыя чыны з надзеяй пасьмяяцца. У гэты момант палкоўнік чытаў адносіну маёра з Пярэмышлю, дзе гутарка ішла пра Швэйка.
Падпаручык Дуб ня спыняў свае пачатае гутаркі са Швэйкам:
— Пачакай, ты мяне яшчэ ня ведаеш, але калі даведаешся, то здохнеш ад страху.
Палкоўнік ніяк ня мог зразумець, што пісаў маёр, бо той дыктаваў паперку яшчэ ня зусім цьвярозы.
Аднак палкоўнік Гэрбіх быў у найлепшым настроі, бо ні сёньня, ні ўчора, не адчуваў болю ў пальцы і зусім ня чуў яго, нібы да таго ня было.
— Што-ж вы менавіта начаўплі там? — ветліва зьвярнуўся да Швэйка, так што ў падпаручыка закалола нават пад сэрцам і ён пасьпяшаўся адказаць за Швэйка:
— Гэты чалавек, пане палкоўнік, — сказаў ён і паказаў на Швэйка, — прыкідваецца дурнем, каб апраўдаць свае паскудныя штукі і ўчынкі слабым розумам. Я, праўду кажучы, ня ведаю, што там напісана ў паперцы, але ўсё-ж думаю, што гэты чалавек і зноў зрабіў якую-небудзь штуку, але на гэты раз у больш значных памерах. Дазвольце, пане палкоўнік, глянуць у яго е глянуць у яго паперку; тады я напэўна мог-бы вам што-небудзь параіць, што рабіць з ім.
І, павярнуўшыся да Швэйка, ён прамовіў па-чэску:
— Ты з мяне ўсю кроў высмактаў! Так?