Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мастацтва і ўвесь час у ім дасканаліўся. Праўда, гэта была яго адзіная забава.

Паляк нічога на гэта не адказваў і запанавала поўнае маўчаньне, нібы людзі ехалі на хаўтуры і пабожна прыпаміналі нябожчыка.

Яны набліжаліся да мэты свайго падарожжа, да штабу брыгады ў Вояліцах.


Тымчасам, у штабе брыгады адбыліся некаторыя грунтоўныя зьмены.

За начальніка штабу брыгады быў прызначаны палкоўнік Гэрбіх. Гэта быў чалавек з вялікімі «тактычнымі» здольнасьцямі, якія чамусьці палі яму на ногі, бо ён хварэў на падагру. У вайсковым міністэрстве ў яго былі добрыя сувязі; таму ён ня выходзіў у адстаўку, а туляўся ў розных штабах буйных вайсковых злучэньняў, і атрымліваў павялічаную пэнсію з адпаведнымі дадаткамі ваеннага часу, але ён заставаўся на адным месцы датуль, пакуль прыступ падагры не прымушаў яго зрабіць якую-небудзь страшэнную дурніцу. Тады яго пераводзілі ў другі штаб, і, звычайна, з павышэньнем. Абедаючы ў афіцэрскім сабраньні, ён, звычайна, гутарыў з афіцэрамі сама больш пра свой вялікі палец на назе, што часам распухаў да страшэнных памераў і палкоўніку даводзілася насіць знарок пашытыя боты.

У абед яму самай прыемнай гутаркай было тлумачыць усім і кожнаму, што яго палец надта пацее і што ён завінае яго ў вату, а пахне ён, як пракіслы мясны бульён.

Таму ўсе афіцэры са шчырасьцю разьталіся з ім, як яго пераводзілі куды-небудзь у іншае месца. Аднак ён быў даволі дабрадушны і ставіўся добразычліва да сваіх супрацоўнікаў, якім ён любіў апавядаць, чаго ён толькі ні еў і ні піў, калі ў яго яшчэ ня было гэтае праклятае падагры.

Як Швэйка прывялі ў штаб брыгады і дзяжурны афіцэр загадаў адвесьці яго да палкоўніка Гэрбіха, у таго ў канцылярыі якраз сядзеў падпаручык Дуб.