Старонка:Svejk.4.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра, — сказаў Швэйк. — Але толькі вы дайце мне гэта на пісьме, каб было вядома, хто адказвае, калі ў мяне лопне мачавы пузыр. На тое і закон, пане ефрэйтар.

Ефрэйтар, былы пастух, спужаўся адказнасьці за швэйкаў пузыр і Швэйка ўвесь канвой павёў у патрэбную каморку на вагзале… Наогул гэты ефрэйтар рабіў уражаньне ўпартага чалавека і трымаўся так задзірыста, нібы яго мусілі на другі дзень прызначыць командзірам цэлага корпусу.

Як цягнік ішоў перагон Пярэмышль–Хіраў, Швэйк сказаў ефрэйтару:

— Пане ефрэйтар, як я вось так гляджу на вас, я ўсё ўспамінаю аднаго ефрэйтара, якога звалі Босбэр і які служыў у Трыенце. Той, як толькі яго зрабілі ефрэйтарам, адразу-ж пачаў павялічвацца ў сваіх памерах, шчокі ў яго пачалі пухнуць, а жывот так вырас, што на другі дзень яму ня прышліся нават казённыя штаны. І што горш за ўсё — вушы ў яго сталі расьці ўдажкі ўсё больш і больш. Ну, павялі яго ў лазарэт і палкавы доктар сказаў, што гэта вельмі цяжкі выпадак і што ён можа лопнуць, бо яго пухліна зьявілася ў яго ад ефрэйтарскіх нашывак і дайшла да пупа. І вось, каб яго ўратаваць, давялося спароць ягонае лычка, пасьля чаго ён ізноў адужаў.

З гэтага моманту Швэйк дарма намагаўся пачаць размову з ефрэйтарам і дагодліва вытлумачыць яму, чаму ефрэйтараў называюць «ротнымі скуламі».

Ефрэйтар адказваў толькі нейкімі нявыразнымі пагрозамі, што пачакай, добра сьмяецца той, хто сьмяецца апошні, і што там будзе відаць, як прыедуць у штаб брыгады. Адным словам, выявілася, што зямляк вельмі цяжкі чалавек і калі Швэйк спытаўся ў яго, адкуль ён родам, дык той адказаў, што Швэйку няма да гэтага ніякае справы, і ніякага дачыненьня.

Швэйк прабаваў пачаць з ім гутарку і так і гэтак, расказаў яму, што яго вязуць пад вартай ня першы раз, але што да гэтага часу ён заўжды жыў у злагадзе са сваімі спадарожнікамі. А таму што ефрэйтар упарта маўчаў, Швэйк казаў далей:

— Здаецца мне, пане ефрэйтар, што з вамі здарылася ў жыцьці нейкае няшчасьце і што вы страцілі язык. Я ведаў шмат