Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У калідоры стаяў генэрал Фінк і трос маёравага ордынарца і крычаў:

— Кажы, паганец, дзе ты дзеў свайго маёра! Ну? Кажы, мярзотнік!

Але «мярзотнік» ня мог прамовіць ні слова, а толькі ўвесь пачырванеў — так моцна здушыла яго генэралава рука.

Гэта сцэна здалася маёру вельмі сьмешнаю. Таму ён спыніўся на парозе напаўадчыненых дзьвярэй, гледзячы ўвесь час на пакуту свайго адданага слугі, выдатнага тым, што ён даўно ўжо абрыдаў яму сваім нахілам да зладзейства.

Генэрал на момант адпусьціў пасінелага хлопца, але толькі на тое, каб выцягнуць з кішэні тэлеграму, якою ён ізноў пачаў біць па мордзе і прыгаварваць:

— Дзе ты дзеў свайго маёра, жывёліна, дзе ты дзеў свайго маёра-аўдытара, нягоднік? Як-жа цяпер перадасі ты яму гэтую офіцыйную тэлеграму?

— А вось і я! — крыкнуў маёр Дэрвота, якому комбінацыя слоў «маёр-аўдытар» і «тэлеграма» прыгадала пра нейкія службовыя абавязкі.

— Ах! — крыкнуў генэрал. — Ты вярнуўся?

У інтонацыі было столькі гіроніі, што маёр не палічыў за патрэбнае адказваць і нерашуча спыніўся. Генэрал папрасіў яго прайсьці за ім у габінэт. Як яны селі, генэрал кінуў яму пагамтаную аб фізіяномію ордынарца тэлеграму і трагічным голасам сказаў:

— Прачытай. Гэта твая работа!

Пакуль маёр чытаў тэлеграму, генэрал устаў і пачаў бегаць па пакоі ўзад і наперад, пераварочваючы крэслы і столікі.

— Але я такі яго павешу! — роў ён.

Тэлеграма паведамляла:

«Салдат пяхотнага палка Швэйк Язэп, ордынарац 11-ае маршавае роты, якога паслалі кватэр’ерам, лічыцца загінуўшым бяз вестак на пераходзе з Хірува ў Фэльдштэйн з 16-га гэтага месяца. Азначаны Швэйк Язэп мусіць быць зараз-жа дастаўлен у штаб брыгады ў Вояліцы».