вы яшчэ, таму я адважыўся вас цяпер пабудзіць і яшчэ таму, што я ня ведаю, як доўга вы прывыклі спаць, каб вы, барані божа, не праспалі… Вось у аднэй піўной ў Ожыноўцы я сустракаў якогасьці цесьля, дык той заўсёды ўставаў а шостай гадзіне раніцой, але, калі яму здарылася праспаць толькі чвэрць гадзіны, да чвэрці на сёмую, дык ён спаў далей да полудня і рабіў гэта да тых пор, пакуль яго ня зволілі, і ён тады са злосьці зрабіў злачынства — абразіў члена імпэратарскага дому.
— Ты, напэўна, слабы на галаву, га? — з адценьнем некаторай роспачы спытаўся маёр на ламанай чэскай мове, бо пасьля ўчарайшае гулянкі ў яго ўсё яшчэ гуло ў галаве. Ён ніяк ня мог знайсьці адказу, чаму менавіта ён сядзіць тут, якім чынам ён трапіў сюды і чаму гэты тып, што стаіць перад ім, гародзіць такія дурніцы. Усё гэта здалося яму вельмі сьмешным. Смутна прыпомніў ён, што адзін раз ён быў ужо тут уначы. Але чаго, чаго?
— А што, ці быў я тут уначы? — нерашуча спытаўся ён.
— Так, пане маёр, — адказаў Швэйк. — Як я разумею з вашае гутаркі, дык пан маёр зьявіліся сюды, каб яшчэ раз дапытаць мяне.
Цяпер у галаве маёра раптам стала ясьней і ён перш паглядзеў на сябе, а пасьля азірнуўся назад, як-бы нечага шукаючы.
— Вы, калі ласка, ня турбуйцеся, пане маёр, — казаў далей Швэйк, — вы зьявіліся сюды зусім так, як і цяпер сядзіце, бяз шынэлю, бяз шаблі і ў шапцы. Шапачка ваша вунь там ляжыць, бо я мусіў яе ўзяць ад вас, калі вы абавязкова хацелі палажыць яе пад галаву. А я-ж ведаю, што афіцэрская парадная шапка — гэта ўсяроўна, як штацкаму капялюш-цыліндар. Спаць на цыліндры — гэта мог толькі нейкі пан Кардэраш з Лодэніча. Той, бывала, ляжа ў карчме на жываце і паложыць сабе пад галаву цыліндар, таму што ён хадзіў сьпяваць на хаўтурных процэсіях і зьяўляўся на ўсе хаўтуры ў цыліндры, дык вось ён клаў сабе пад галаву цыліндар і наказваў сабе, што не павінен яго паламаць; і сапраўды, усю ноч ён трымаўся як-бы над ім, так што цыліндру гэта зусім ня шкодзіла, што ён спаў