перад тым, калі я жыў на Кшымянецкай вуліцы і ён прыходзіў да мяне ў госьці.
Фэльдкурат усё яшчэ сядзеў на падлозе і з жахам паглядаў на Швэйка, што стаяў на нарах і размахваў рукамі. У фэльдкурата зьявілася думка, што перад ім вар’ят, таму ён са словамі: «Так, каханы мой, сыне, гэта было толькі тры разы вышэй» ціхенька і паволі прысунуўся бокам да дзьвярэй і пачаў так па іх малаціць і з такім выцьцём, што яны адразу-ж адчыніліся.
Швэйк праз краты вакенца бачыў, як фэльдкурат, размахваючы рукамі, хутка бег разам з канвойнымі праз двор.
— Ну, от павялі боскага служку ў вар’яцкі дом, — прамовіў сабе пад нос Швэйк, саскочыў з нараў, пачаў хадзіць па камэры і сьпяваць:
Пярсьцёнак, што мне падарыла, |
Некалькі хвілін пазьней, пасьля гэтага, фэльдкурат быў ужо ў генэрала Фінка.
У генэрала ізноў было вялікае «дзелавое паседжаньне», дзе галоўную ролю выконвалі дзьве прыгожанькія жанчыны, віно і лікёры.
Тут быў увесь склад вайскова-палявога суду, акрамя пяхотнага салдаціка, што раніцою падаваў папяросы.
Фэльдкурат паціху, як здань, увайшоў у пакой «паседжаньня». Ён быў бледны, усхваляваны і поўны годнасьці, як чалавек, які ўсьведамляе сабе, што бяз прычыны атрымаў поўху.
Генэрал Фінк, які апошнім часам вельмі прывязаўся да фэльдкурата, пасадзіў яго поруч з сабою на канапу і спытаўся п’яным голасам:
— Што з табою здарылася, «духовая ўцеха»?
Адна з вясёлых жанчын кінула ў фэлбдкурата акуркам.
— Выпі, «духовая ўцеха», — казаў генэрал, наліваючы фэльдкурату віно ў вялікі зялёны келіх. А таму што фэльдкурат ня выпіў усё адразу, генэрал уласнаручна пачаў уліваць яму віно