даць госьцю… Што-ж, за свае паслугі ён браў няшмат. От толькі за неінтэлігэнтных ён набаўляў цэлых дваццаць гэлераў, бо ён выходзіў з таго меркаваньня, што простая баба больш зьмястоўная, чым якая-небудзь асьвечаная дама. Неяк раз увечары пан Фаусьцін прыбег да мяне на Апатовіцкую вуліцу, усхваляваны, узрушаны, нібыта яго толькі што выцягнулі з-пад трамваю і ў гэты час укралі ў яго гадзіньнік. Перш ён зусім ня мог сказць ні слова, выцягнуў з кішэні бутэльку рому, адпіў сам, падаў мне і прахрыпеў: «На, выпі!» Так мы і не гаварылі нічога, пакуль не спаражнілі ўсю бутэльку, а потым ён да мяне і зьвяртаецца: «Паслухай, браце, зрабі мне паслугу. Расчыні вакно на вуліцу, я сяду на вакно, а ты бяры мяне за ногі ды і выкінь з трэцяга паверху на тротуар. Нічога мне больш у сьвеце ня трэба, а хачу атрымаць духовую ўцеху ад свайго прыяцеля, што паможа мне перайсьці ў лепшы сьвет. Не магу я больш жыць на гэтым сьвеце, бо мяне, сумленнага чалавека, абвінавачваюць у тым, што я зводнік, як які-небудзь уласьнік прытону з яўрэйскага кварталу. Наш-жа готэль — першага разраду, усе тры наймічкі і мая жонка маюць у парадку рэгістрацыйныя кніжачкі, і пану доктару за візыты мы нічога ня вінны!.. Ды от, калі ты мяне хоць крышку любіш, выкінь мяне з трэцяга паверху, дай мне гэтую апошнюю духовую ўцеху!» Ну, я яму загадаў лезьці на вакно і выкінуў яго на вуліцу… Ды вы ня пужайцеся, пане фэльдкурат!
Швэйк устаў і пацягнуў фэльдкурата за сабою.
— От так, пане фэльдкурат, от так я яго схапіў і — бразь уніз.
Швэйк падняў фэльдкурата і кінуў яго на падлогу, а сам спакойна казаў далей, у той час, як фэльдкурат мацаў, ці ўсе косьці ў яго цэлыя:
— От бачыце, пане фэльдкурат, з вамі нічога ня здарылася, бо хоць ён і казаў, што з трэцяга паверху, а ўсё-ж толькі разоў тры вышэй, як вы цяпер упалі. Справа ў тым, што пан Фаусьцін быў п’яны, як шавец, і зусім забыўся, што я жыў тады па Апатовіцкай вуліцы на першым паверсе, а не на трэцім як год