поруч са мною і раскажу вам, як была справа. Калі я жыў яшчэ на Апатовіцкай вуліцы, быў ў мяне прыяцель, звалі яго Фаусьцін і служыў ён за швэйцара ў адным готэлі. Гэта быў вельмі сумленны чалавек, чэсны, працавіты. А што датычыць розных фэяў з вуліцы, дык ён усіх іх ведаў і вы маглі-б у які хочаце час, удзень і ўначы маглі прысьці да яго і сказаць: «Пане Фаусьцін, мне патрэбна паненка» і ён зараз-бы спытаўся ў вас, якую вы хочаце: ці сьветлавалосую, ці чорную, маленькую ростам, або большую, худую, або поўненькую, немку, чэшку або яўрэйку, дзяўчыну, разьведзеную або замужнюю, інтэлігэнтную або простую.
Швэйк фамільярна прыціснуўся да фэльдкурата і, абняўшы яго за пояс, казаў далей:
— Ну, скажам вы, пане фэльдкурат, заявілі-б што вам патрэбна сьветлавалосая, з прыгожымі нагамі, удава, з простых, і от яна была ўжо праз дзесяць хвілін разам са сваімі мэтрыкамі ў вас у ложку.
Фэльдкурат аж успацеў, а Швэйк казаў далей, прыціскаючы і тулячы да сябе фэльдкурата, як матка дзіцё:
— Вы не паверыце, пане фэльдкурат, як гэты пан Фаусьцін паважаў чэснасьць і моральнасьць. Ад жанчын, якіх ён прыводзіў у нумар, ён ніколі ня браў ні граша сабе, а калі, часам, якая-небудзь з іх забывалася і сунула яму грошы, дык вы пабачылі-б, як ён хваляваўся і пачынаў крычаць: «Эх ты, сьвіньня, ня думай, калі ты гандлюеш сваім целам і адважылася на сьмяротны грэх, дык мне вельмі цікава ўзяць з цябе твае грошы. Я-ж табе ня зводнік, паганая ты морда! Я раблю гэта толькі таму, што шкадую цябе, каб табе, калі ты дайшла ўжо да такога жыцьця, не выстаўляць свой сорам на паказ, а то забярэ цябе ўначы варта і давядзецца табе, няшчаснай, тры дні мыць падлогу ў аддзяленьні поліцыі. А так ты, прынамсі, сядзіш у цяпле і ніхто ня бачыць, як нізка ты скацілася. Пан Фаусьцін, вядома, браў грошы ад сваіх кліентаў, хоць і не хацеў браць грошы ад жанчын. У яго была нават свая такса: блакітныя вочкі каштавалі сорак гэлераў, чорныя — трыццаць, і ўсё гэта ён, бывала, акуратна выпіша на паперачку, як рахунак, і па-